Экс-міністр фінансаў ЗША: Санкцыі дзейнічаюць на Пуціна больш, чым здаецца
2- 5.03.2015, 17:13
- 25,455
Прэзідэнт Расеі памылкова прымушае расейцаў пакутаваць ад санкцый, разлічваючы на іх цярпенне.
Эканамічныя санкцыі, якія ЕЗ і ЗША ўвялі супраць Расеі за анэксію Крыма і ваенную агрэсію супраць Украіны, дзейнічаюць на Расею мацней, чым здаецца. Пра гэта Bloomberg распавёў былы міністр фінансаў ЗША і заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі Evercore Partners Inc. Роджэр Олтман, піша zn.ua.
"Шмат людзей не разумеюць, наколькі слабая Расея на самой справе", - сказаў ён.
Сярод праблем Расеі ён пералічыў імклівае скарачэнне насельніцтва, уразлівую банкаўскую сістэму і валюту, якая цягам апошняга года страціла палову свайго кошту. З ягоных слоў, Расея сёння "на мяжы краху".
Яе вонкавыя запазычанасці сталі занадта дарагімі пасля таго, як ЗША і ЕЗ перакрылі расейскім банкам і кампаніям доступ да сусветных фінансавых рынкаў. І цягам гэтага года яны не атрымаюць доступ да крэдытаў за межамі Расеі, якія неабходныя для выплаты сваіх абавязанняў што да каштоўных папер.
Пры гэтым, са слоў экс-міністра ЗША, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін злоўжывае цярпеннем расейцаў, якія пакутуюць праз найбуйнейшую з 2009 года рэцэсію, што імкліва расце на фоне абвалу коштаў нафты да самага нізкага за апошнія 6 гадоў узроўню.
"Пуцін, верагодна, глядзіць на тое, што расейцы маюць вельмі працяглую гісторыю цяжкіх пакут, і разлічвае, што іх цярпенню няма канца і краю. Але гэта самападман", - сказаў Олтман.
Ён дадаў, што Расея інтэграваная ў сусветную фінансавую сістэму значна больш, чым КНДР. Таму пад ціскам санкцый расейская банкаўская сістэма можа абрынуцца. І тады Крамлю прыйдзецца шукаць палітычныя кампрамісы, каб мець шанец аднавіць краіну.
"Не выключана, што мы можам узмацніць санкцыі разам з Еўропай і гэта, уласна, прымусіць Расею адступіць", - дадаў былы амерыканскі міністр.
Фота: Getty Images