Палякі хочуць сарваць мотапрабег пуцінскіх байкераў па Еўропе
34- 10.04.2015, 10:19
- 23,873
Палякі выступілі супраць прабегу пуцінскіх байкераў у іх краіне.
Так званы мотаклуб «Начныя ваўкі» прэзідэнтам якога з'яўляецца адзін са стваральнікаў расейскага Антымайдана і прыхільнік палітыкі Крамля Аляксандр «Хірург» Залдастанаў збіраецца 29 красавіка - 9 траўня правесці мотапрабег «На Берлін» паведамляе УНИАН.
Мотапрабег па маршруце Масква-Менск-Берасце-Вроцлаў-Брно-Браціслава-Вена-Мюнхэн-Прага-Таргаў-Карлсхорст-Бэрлін прысвечаны 70-годдзю Перамогі, паведамляе «Новое Время» са спасылкай на Польскае Радыё.
Мотапрабег «Начных ваўкоў», траса якога праходзіць таксама праз Польшчу, ужо выклікаў пратэст сярод палякаў. У фэйсбуку была створаная старонка Не праезду бандытам з Расеі праз Польшчу. Актывісты заклікаюць заблакаваць праезд байкерам праз краіну.
«У месцах, у якіх з'яўляюцца «Начныя ваўкі», неўзабаве пачынаецца расейская агрэсія. Яны былі ў Крыме яшчэ да таго, як яго анексавала Расея. Былі ў Данбасе, а цяпер забіваюць і ўчыняюць рабаванні ў гарадах, занятых расейцамі. Ці з'яўляецца іх праезд праз Польшчу перасцярогай для палякаў ці пачаткам расейскай агрэсіі. Мы спадзяемся, што брацтва матацыклістаў, незалежна ад прыналежнасці да розных клубах, пакажа ім, дзе іх месца?», - пішуць адміністратары старонкі.
«Начныя ваўкі» адкрыта падтрымліваюць палітыку Уладзіміра Пуціна. Прэзідэнт Расеі нават атрымаў ад іх на памяць скураную куртку з эмблемамі клуба і ў 2009 годзе праехаў на чале калоны матацыклістаў ў Новарасейску.
Залдастанаў уважаецца прыяцелем Пуціна, і шмат разоў арганізоўваў сустрэчы прэзідэнта з байкерамі.
Падчас анэксіі Крыма «Начныя ваўкі» з'явіліся на паўвыспе з расейскімі сцягамі. Так званыя байкеры патрулявалі дарогі і ахоўвалі занятыя «зялёнымі чалавечкамі» будынкі. У прапагандысцкім фільме Крым. Шлях на радзіму, паказаным у першую гадавіну анэксіі Крыма, паведамлялася таксама, што «Начныя ваўкі» скралі і ўтрымлівалі аднаго з украінскіх камандзіраў.