27 снежня 2024, Пятніца, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Не ўсе еўрапалітыкі хочуць заўважаць, што адбываецца ў Беларусі

Валянцін Стэфановіч: Не ўсе еўрапалітыкі хочуць заўважаць, што адбываецца ў Беларусі

Сітуацыя, якая склалася вакол палітвязня Мікалая Статкевіча, вельмі сімптаматычная.

Яна дэманструе, што беларускія ўлады, па-першае, не хочуць вызваляць палітвязняў, а, па-другое, толькі імітуюць дыялог з Еўразвязам. Так намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч каментуе інфармацыю аб новым судзе, які чакае былога кандыдата ў прэзідэнты ў зняволенні.

Акрамя таго, ён нагадвае пра крымінальны пераслед палітвязня Мікалая Дзядка і новую крымінальная справа супраць Юрыя Рубцова, які мае ўсе шанцы трапіць у калонію.

"Відавочна, перад МЗС Беларусі стаіць задача як мага больш выціснуць з геапалітычнай сітуацыі, якая склалася вакол украінскага канфлікту. Пры гэтым унутры краіны ніякіх пазітыўных змен не адбываецца, і мы бачым, што няма палітычнай волі кіраўніцтва краіны да гэтых змяненняў", - кажа праваабаронца.

Як раней падкрэслівалі прадстаўнікі "Вясны", у сувязі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў задача ўнутры краіны стаіць зусім іншая - стрымліваць усялякія праявы грамадскай актыўнасці, пра што неаднаразова казаў і Лукашэнка. Ужо цяпер песімістычныя прагнозы праваабаронцаў пачынаюць спраўджвацца. Так, узмацняецца ціск і на прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці.

"Нават на фоне такога млявага палітычнага кантэксту ўнутры краіны ўзровень рэпрэсій павялічваецца. Мы бачым, што адбываецца ў рэгіёнах - атакі на праваабаронцаў. Ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў у Магілёве відавочна выкарыстоўваліся не столькі для праверкі паводле заявы аб хлуслівым артыкуле на рэгіянальным сайце пра кіраўніка аднаго з прадпрыемстваў, колькі для пошуку зачэпак для магчымых спраў супраць мясцовых праваабаронцаў: кампутар, які міліцыя вярнула ўладальніку, правяралі па пошукавых словах "распіска", "заяўка", "грант", "справаздача", "Вясна" і гэтак далей. Таксама чарговы раз улады спрабавалі ліквідаваць Магілёўскі праваабарончы цэнтр. Паказальная сітуацыя з праваабаронцам Леанідам Судаленкам у Гомелі, якому пагражаюць крымінальнай справай ", - пералічвае апошнія выпадкі Стэфановіч.

Праваабаронца ўпэўнены, што прынамсі да прэзідэнцкіх выбараў ніякіх зрухаў да лепшага ў краіне не будзе, і ў сувязі з гэтым выказвае шкадаванне з нагоды таго, што некаторыя еўрапейскія палітыкі, маючы перш за ўсё геапалітычныя інтарэсы і перавагі, не хочуць заўважаць, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках