Арцём Пракапенка напісаў прашэнне аб памілаванні
4- 17.04.2015, 13:01
- 17,357
Нягледзячы на гэта, Лукашэнка не спяшаецца вызваляць палітвязня.
Як паведаміў Анатоль Пракапенка ПЦ «Вясна», ягоны сын - Арцём Пракапенка - ужо два месяцы чакае вызвалення паводле памілавання. Яшчэ ў лютым 2015 палітвязень накіраваў прашэнне аб памілаванні Лукашэнку.
Раней Лукашэнка публічна неаднаразова абяцаў вызваліць палітвязняў у выпадку напісання такога дакумента, але Пракапенка да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.
У лютым ён напісаў прашэнне, але два месяцы няма ніякай рэакцыі.
Нагадаем, Арцём Пракапенка знаходзіцца ў зняволенні з 17 студзеня 2011 года. Ён асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі ў варунках узмоцненага рэжыму судом Бабруйскага раёна і г. Бабруйска паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры). Паводле крымінальнай справы Арцём праходзіў разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым.
Цяпер палітвязень знаходзіцца ў калоніі №15 Магілёва.
Праваабаронцы адзначаюць, што палітвязні ў турмах і калоніях знаходзяцца ў нечалавечых умовах. Супраць іх стала арганізоўваюцца правакацыі з боку адміністрацый, за малыя парушэнні іх падвяргаюць сур'ёзным пакаранням, пазбаўляюць перадач і спатканняў, кідаюць у карцэр. На асуджаных апазіцыянераў аказваецца сталы ціск з мэтай напісання імі прашэнняў аб памілаванні. Ён узмацніўся напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Рызе ў траўні.