Міклаш Харашці: У Беларусі - адзіны парламент у Еўропе, дзе няма апазіцыі 20 гадоў
16- 17.04.2015, 15:03
- 34,047
А эканоміка краiны пабудаваная на прымусовай працы, лiчыць спецдакладчык ААН.
ПЦ «Вясна» прыводзіць некаторыя тэзісы з выступу Міклаша Харашці аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:
- Вызваленне палітвязняў з'яўляецца бессэнсоўным - без рэабілітацыі гэтых асобаў.
- Меркаванне аб паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі - уяўнае.
- Пагаршэнне назіраецца на ўсіх кірунках: праблемы з СМІ, у тым ліку новыя бюракратычныя перашкоды супраць інтэрнэт-выданняў; усякія праявы публічнай актыўнасці без дазволу караюцца ўладамі амаль штодня, прытым атрымаць дазвол на такую дзейнасць немагчыма, існуе адказнасць не толькі за арганізацыю такіх мерапрыемстваў, але і за ўдзел у іх.
- Нягледзячы на тое, што кіраўніка ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага ўлады вызвалілі, ён застаецца пад пагрозай крымінальнай адказнасці, бо «Вясна» застаецца без рэгістрацыі. Лёс Бяляцкага залежыць ад капрызаў Лукашэнкі: у кожны момант ён можа зноў пасадзіць праваабаронцу.
- Аб дэмакратыі і законнасці: дзяржавай кіруюць прэзідэнцкія дэкрэты (як Дэкрэт №3, які нядаўна ўвайшоў у дзеянне), якія ў Беларусі маюць сілу закона.
- У Беларусі - адзіны «парламент» у Еўропе, дзе няма прадстаўнікоў апазіцыі цягам амаль 20 гадоў.
- Эканоміка, як і пры савецкай сістэме, пабудаваная на прымусовай працы, эканамічная стабільнасць - уяўная.
Замежная палітыка: двухвектарная палітыка ўладаў небяспечная, і Еўрапарламент мог бы паспрыяць таму, каб неяк звязаць гэтыя два вектары.
- У стасунках з беларускай дзяржавай неабходна прытрымлівацца пэўнай паступовасці.
- Рэжыму Лукашэнкі Еўропа цяпер патрэбная як ніколі.
- Тое, што ўлады ўпарта не прызнаюць мандат адмысловага дакладчыка ААН аб Беларусі і не даюць яму візу для наведвання краіны, - гэта нежаданне супрацоўнічаць з любымі праваабарончымі механізмамі ў прынцыпе.
Нагадаем, што разам з Харашці ў пасяджэнні браў удзел старшыня ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі, які заклікаў Еўразвяз не прыпыняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў.