Чэхі ды славакі заклікаюць спыніць «Начных ваўкоў»
11- 24.04.2015, 19:03
- 17,725
Вядомыя чэшскія ды славацкія палітыкі і грамадскія дзеячы заклікаюць не дапусціць уезду на сваю тэрыторыю "Начных ваўкоў".
Зварот з заклікам прадухілення афіцыйнага або тайнага ўезду "Начных ваўкоў" і правядзенне імі ўсялякіх публічных мерапрыемстваў у Еўропе апублікаваны на сайце support-ukraine.org. Падаем тэкст звароту цалкам.
"Байкерскі клуб "Начныя ваўкі" хоча адсвяткаваць сямідзесяцігадовую гадавіну заканчэння вайны ў Бэрліне. Хоча зноў, семдзесят гадоў пасля вайны, сімвалічна заваяваць свабодны Бэрлін, свабодную Варшаву, Прагу, Браціславу. Хоча дэманстратыўна праехаць у сталіцу Нямеччыны па тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі ды Аўстрыі.
Не варта паддавацца ілюзіям! Мэсэдж згаданага байкерскага клуба відавочны - гэта не перамога над фашызмам і не барацьба за мір і свабоду, а падтрымка замежнай экспансіі расейскай дзяржавы. "Начныя ваўкі" пры гэтым распаўсюджваюць нянавісць да Украіны, з'яўляючыся ў Расеі бастыёнам антыўкраінскай дзейнасці.
"Начныя ваўкі" дапамагаюць Расеі ажыццяўляць яе намер авалодаць мірнай Еўропай. Іх дзеянні выходзяць за рамкі свабоднага дэмакратычнага грамадства. І ад страху перад насельніцтва, яны сеюць варожасць і гвалт. Таму можна з поўным правам патрабаваць, каб супраць іх былі ўжытыя санкцыі, якія абмяжоўваюць свабоду перасоўвання ў дзяржавах ЕЗ.
"Начныя ваўкі" - гэта не нявінныя байкеры. Гэта палітычны інструмент, які стаіць на службе расейскіх уладаў. Чальцы клуба - наўмысныя правакатары, якія загадзя парушаюць законы, што дзейнічаюць у прававых дэмакратычных дзяржавах. У якасці асноўнага аргумента на палітычных спрэчках яны выкарыстоўваюць грубую фізічную сілу, часта становяцца акторамі фізічных сутыкненняў з крывавым, часам смяротным зыходам. Гэта, фактычна, крымінальная структура, якая выкарыстоўвае метады мафіі. У дадатак да афіцыйна абвешчанай паездкі, паводле апошніх паведамленняў, яны імкнуцца таемна пранікнуць у краіны ЕЗ і NATO, выкарыстоўваючы маскаванне ды іншыя гібрыдныя метады.
Свабоднае грамадства паважае грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду перасоўвання і свабоду выказвання меркаванняў. Свабоднае грамадства адкрытае для гасцей, аднак перш за ўсё яно павінна абараняць сваю ўласную свабоду ад разбуральнікаў і няпрошаных зламыснікаў. Пры абароне уласнай свабоды няма месца для рэлятывізму і непераканаўчых апраўданняў. Няма ніякіх гарантый, што "Начныя ваўкі" падчас сваёй дэманстрацыі сілы ўстрымаюцца ад правакацый і будуць выконваць законы тых краін, па тэрыторыі якіх яны хочуць перасоўвацца. Наадварот, былі выпадкі, калі яны займаліся падбухторваннем супраць суверэнных дзяржаў, ладзілі правакацыі, сеялі страх і гвалт. Адзіным па-сапраўднаму надзейным сродкам прадухілення гвалту з'яўляецца яго недапушчэнне.
Таму мы заклікаем адказныя органы - міністэрства замежных спраў, міністэрства ўнутраных спраў і мясцовыя органы ўлады ва Украіне, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі ды Нямеччыне ў мэтах спакойнага святкавання гадавіны перамогі над фашызмам і нацызмам не дапусціць афіцыйнага або таемнага ўезду на сваю тэрыторыю "Начных ваўкоў", якія адмаўляюць асноўныя прынцыпы вяршэнства закона, і не дазволіць ім правядзенне ўсялякіх публічных мерапрыемстваў".