Леанід Злотнікаў: Калі Лукашэнка перагне палку, то гэта ж горш для яго
16- 27.04.2015, 16:37
- 33,868
Рабскі дэкрэт №3 аднаўляе сацыялістычныя парадкі ў Беларусі.
Учора Лукашэнка прыстрашыў, што «прымусіць працаваць усіх» і што закон аб «дармаедстве» - гэта «толькі пачатак». Сёння ж з'явілася інфармацыя аб тым, што ўслед за Беларуссю, такі закон хочуць прыняць і ў Расеі. Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць charter97.org, чым адрозніваецца сітуацыя ў дзвюх краінах.
- Калі мы возьмем дэкрэт №3, то гэты закон пералічвае, каму трэба працаваць, а каму не трэба. Гэта значыць, улада вызначыла, каму ў краіне належыць працаваць. Калі, напрыклад, у вас два дзіцяці да 7 гадоў, то вам можна сядзець дома. А калі ў вас адно дзіця, якому 10 гадоў, то вам дома сядзець ужо нельга. Дзяржава ўжо вызначае, як вам жыць.
- Ці могуць быць прынятыя іншыя законы ў вытрасанні грошай з афіцыйна не працуючых беларусаў?
- Нават гэты закон успрыняты ў грамадстве далёка не адназначна, таму новых быць не павінна. Як бы там ні было, наперадзе ж «выбары». Калі Лукашэнка перагне палку, то гэта ж горш для яго. Гэты закон даволі суворы. Беспрацоўнаму плацяць дапамогу ў памеры 10 даляраў у месяц, а калі раптам кагосьці выкрыюць у тым, што вы «не працуеце, а вам трэба», вы будзеце плаціць 20 даляраў у месяц дзяржаве. А для беларусаў гэта грошы!
Вядома, у кожнай краіне ёсць клас людзей, якія працуюць нелегальна, ухіляючыся ад падаткаў. Ну дык на гэты конт у нас законаў хапае! Калі, напрыклад, чалавек займаецца бізнэсам і не аформіў яго, дык гэта нелегальная прадпрымальніцкая дзейнасць. А вось закон аб «дармаедах» вельмі ўжо нагадвае Савецкі саюз і планавую сацыялістычную эканоміку, дзе ўсе, хто фізічна можа працаваць, павінны працаваць. Лукашэнка аднаўляе сацыялістычныя парадкі ў Беларусі.
- Кажуць, у Расеі хочуць прыняць такі ж закон. Зноў на нас адпрацоўвалі механізм?
- Усё магчыма, з улікам таго, што ў іх цяпер там робіцца. Раней нікому такога і ў сне не снілася! Але ўсё ж такі, я не думаю, што ў Расеі гэта зробяць. Бо ў Расеі не так. Лукашэнка ж выразна заявіў падчас выступу 29 студзеня на прэс-канферэнцыі аб тым, што пакуль ён прэзідэнт, у краіне будзе планавая эканоміка. Гэта значыць, ён аднаўляе сацыялізм. А адзін з прынцыпаў сацыялізму - хто не працуе, той не есць.
У Расеі ўлада іншая. Там ніхто не імкнецца да аднаўлення сацыялізму. Там дзяржаўна-алігархічны, або дзяржаўна-бюракратычны, але ўсё-ткі капіталізм. Там шмат багатых людзей, якія могуць дазволіць сабе і сваім дзецям жыць на капітал. Гэта значыць, там капітал - не брыдкае слова. А тут, калі ў вас вялікі рахунак у банку і вы можаце жыць на адсоткі - вы ж капіталіст. А ў сацыялістычным прадстаўленні такіх людзей трэба да сценкі. Таму Лукашэнка так сябе і паводзіць. У Расеі ва ўладзе шмат людзей з грашыма і яны разумеюць, што хтосьці можа і не працаваць, калі ў яго дастаткова грошай. Там капітал легалізаваны. А пры сацыялізме капітал - гэта нешта злачыннае, не на справе, а дзесьці ў падсвядомасці. Простым людзям крыўдна, што ў іх няма грошай. А Лукашэнка выказвае інтарэсы простых людзей, якія за яго раней галасавалі. А ў Расеі ўлада трымаецца на багатай «вяршаліне».
Нагадаем, 2 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Беларусы, якія не працавалі больш за 183 каляндарныя дні ў годзе, прызнаюцца дармаедамі і павінны аплаціць збор у памеры 20 базавых адзінак (3 млн 600 тысяч рублёў). Ад выплаты падатку вызваляюцца інваліды, пенсіянеры, шматдзетныя сем'і, студэнты, дзеці да 18 гадоў, а таксама тыя, хто фактычна не быў у Беларусі больш за 183 дні - але адсутнасць у краіне прыйдзецца даводзіць.
За нявыплату збору прадугледжаны штраф ад двух да чатырох базавых адзінак або адміністрацыйны арышт.