28 снежня 2024, Субота, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін будзе камандаваць парадам у Менску

53
Пуцін будзе камандаваць парадам у Менску

Траціна вайсковых разлікаў на «дэфіле» 9 траўня ў сталіцы Беларусі будзе расейскай.

Людзі бачаць тое, што хочуць бачыць; чуюць тое, што хочуць чуць; вераць у тое, у што хочуць верыць і адмаўляюцца верыць у тое, што ім не падабаецца. І прайдзісветы кшталту Лукашэнкі гэтым карыстаюцца.

У апошні свой візіт у Кіеў я ўвесь час чула ад сваіх суразмоўцаў, сярод якіх былі палітыкі, дыпламаты, журналісты, адну і тую ж фразу: «А вось жа Лукашэнка на парад у Маскву не паедзе!».

Усё разумею: краіне, у якой ідзе вайна і гінуць тысячы людзей, патрэбныя перамогі, вялікія ці маленькія, але суцяшэнні ілюзіямі заўсёды былі небяспечным заняткам.

Прывяду толькі факты.

Так, Лукашэнка заявіў, што не паедзе на парад у Маскву 9 траўня, але пры гэтым прызнаўся, што будзе ў сталіцы Расеі напярэдадні, 7-8 траўня. Там ён возьме ўдзел у мерапрыемствах у рамках Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнай саюза АДКБ і СНД і (цытата) «прадэманструе наша адзінства з расейскім народам і іншымі, хто шануе гэтую перамогу».

Беларускі дыктатар не ездзіў на парады ў Маскву апошнія 10 гадоў. Апошнім разам ён браў удзел у такім мерапрыемстве ў расейскай сталіцы ў 2005 годзе.

Штогод (часам два разы) Лукашэнка праводзіць вайсковыя парады ў Менску, таму што не можа ўпусціць такой магчымасці пацешыць сваё хворае эга і пацешыць свайго малодшага сына Колю, прагнаўшы войскі і танкі па цэнтры сталіцы.

Сёлета ў менскім парадзе 9 траўня возьме ўдзел рэкордная колькасць (больш за 250 адзінак) баявой тэхнікі з Расеі: танкі Т-90, БТР-80, шэсць зенітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С1», БМП-3, БМД-3 , машыны падвышанай праходнасці для паветрана-дэсантных войскаў «Тыгр», артылерыйская сістэма «Мста-Б», расейскія знішчальнікі СУ-34.

Што тычыцца ЗРПК «Панцыр-С1», то, як заявіла Мінабароны Расеі, асабісты склад і вайсковая тэхніка Войскаў паветрана-камічнай абароны РФ упершыню бяруць удзел у вайсковым парадзе ў беларускай сталіцы.

Акрамя баявой тэхнікі, 9 траўня ў Менск прыбудуць больш за 300 расейскіх вайскоўцаў - дэсантнікі, зенітчыкі, танкісты. «Вайскоўцы Расейскай Федэрацыі возьмуць удзел у парадзе войскаў Менскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Перамогі савецкай арміі і савецкага народа над нацысцкай Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне. Госці з брацкай нам краіны правядуць некалькі трэніровак у складзе параднай механізаванай калоны», - бадзёра адрапартавалі на днях у Мінабароны Беларусі.

Такім чынам, з 24 парадных разлікаў амаль трэць (сем) будуць прадстаўленыя расейскімі вайскоўцамі. Фактычна Пуцін дэманструе, што Менск знаходзіцца пад ягоным поўным кантролем.

Тыдзень таму пад Берасцем прайшлі вайсковыя манеўры з удзелам расейскіх дэсантнікаў. 400 вайскоўцаў на мяжы з Украінай і Польшчай дэманстравалі сваю ўдаласць у баях з умоўным праціўнікам.

Нагадаю, што ўмоўны праціўнік у Расеі (і не толькі ўмоўны) - краіны NATO і Украіна. За некалькі гадоў да ўварвання ва Украіну расейскія і беларускія войскі падчас самых маштабных манеўраў пасля распаду Савецкага Саюза адпрацоўвалі нанясенне ядзернага ўдару па Варшаве і танкавы прарыў у Калінінград праз тэрыторыю Еўрапейскага Звязу.

Ствараецца ўражанне, што ўсе, хто сёння адчувае эйфарыю з нагоды адсутнасці (хоць я не выключаю ён там з'явіцца) Лукашэнкі на парадзе ў Маскве 9 траўня, забываюць відавочныя факты: што Беларусь уваходзіць у Саюзную дзяржаву з Расеяй, што беларускі дыктатар стварыў Адзіную сістэму СПА з Расеяй, што краіна з'яўляецца чальцом Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, што тут размешчаныя расейскія вайсковыя базы, войскі і тэхніка.

Дарэчы, расейскае кіраўніцтва і медыя вельмі спакойна паставіліся да заявы Лукашэнкі аб тым, што яго не будзе ў Маскве 9 траўня. Чаму? Таму што беларускаму сатрапу тэрмінова патрэбныя грашовыя ўліванні, якія Расея сёння забяспечыць не можа (расейскі бюджэт на 2015 год зрэзаны на 10%). Беларускі УБП без усялякай вайны за апошнія пяць гадоў не толькі не расце, але і скарачаецца. Экспарт сёлета абрынуўся на 30%.

Выратаваць Лукашэнку могуць толькі заходнія крэдыты. Цяпер як раз вядуцца перамовы з Міжнародным валютным фондам. Адсюль і ўяўная фронда дыктатара ў дачыненні да Масквы. Але такая ж аперацыя ў выманьванні крэдытаў была праведзеная са згоды Расеі ў 2008-2009 гадах. Тады ён не прызнаў Паўднёвую Асецію і Абхазію ў абмен на 3,5 мільярда даляраў ад МВФ.

Але каб вярнуць гэты крэдыт, Лукашэнку давялося цалкам прадаць Расеі газатранспартную сістэму, і адпаведна трапіць у яшчэ ў большую залежнасць ад Пуціна.

Сёння трэба глядзець праўдзе ў вочы: 9 траўня Пуцін будзе камандаваць вайсковым парадам не толькі ў Маскве, але і ў Менску.

Наталля Радзіна, галоўны рэдактар сайта charter97.org, спецыяльна для ТСН (Украіна)

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках