Пуцінскі байкер «Хірург»: Вы з гэтай русафобіяй дагуляецеся!
139- 28.04.2015, 15:08
- 28,877
Лідар «Начных ваўкоў» даў прэс-канферэнцыю ў консульстве Расеі ў Берасці і падзякаваў Лукашэнку за добры прыём.
Аляксандр Залдастанаў прыбыў у Берасце, каб падтрымаць удзельнікаў мотапрабегу, якім 27 красавіка забаранілі ўезд у Польшчу. Яны таксама ўзялі ўдзел у прэс-канферэнцыі, паведамляе «Радыё Свабода».
Са слоў консула РФ у Берасці, «большасць удзельнікаў акцыі - нашчадкі чырвонаармейцаў, якія ў жаўнерскіх ботах прайшлі дарогамі вайны».
Перад пачаткам прэс-канферэнцыі Залдастанаў зачытаў пасланне ветэранам Еўропы ад ветэранаў Арлоўскай і Тульскай абласцей і паабяцаў, што праз два дні пасланне будзе дастаўленае раней абвешчаным маршрутам.
Такім чынам, Аляксандр Залдастанаў запэўніў прысутных журналістаў, што мотапрабег «Начных ваўкоў» па Еўропе пройдзе. Аднак адмовіўся паведаміць, якім чынам будзе праведзеная акцыя і хто возьме ў ёй удзел.
«Праз два дні вы атрымаеце адтуль рэпартаж», - сказаў Залдастанаў. З ягоных слоў, тыя байкеры, якім учора забаранілі ўезд у Польшчу, у мотапрабегу удзел не возьмуць.
На просьбу «Радыё Свабода» пракаментаваць, чаму ў Беларусі ўдзельнікаў мотапрабегу сустракалі на высокім афіцыйным узроўні, Аляксандр Залдастанаў адрэагаваў так:
«Гэта вы арганізавалі гэтую сітуацыю, калі гэтая гісторыя дайшла да ўзроўню першых асоб. Вы зрабілі з яе жудасную сітуацыю. Мы не планавалі яе шырока асвятляць. Мы гэта рабілі для сябе. Вы самі стварылі гэтую сітуацыю, калі сталі арганізоўваць процідзеянне нашаму маршруту».
Байкеры не звярталіся да афіцыйных беларускіх уладаў з просьбай аб садзейнічанні, і прыём у Беларусі - гэта ініцыятыва саміх беларускіх уладаў.
«За гэта дзякуй вялікі Аляксандру Лукашэнку, - сказаў Залдастанаў. - Гэта ягоная асабістая ініцыятыва. Уся гэтая сітуацыя, уся гэтая інфармацыйная прапагандысцкая дэмакратычная машына на нас дала збой».
У канцы прэс-канферэнцыі «Начныя ваўкі» абвясцілі аб тым, што атрымалі паведамленне ад сваіх польскіх калегаў. З ягоных слоў, яны не змаглі наведаць вайсковыя могілкі ва Вроцлаве, бо яны былі «ачэпленыя вайскоўцамі». Гэтая інфармацыя выклікала цікавасць польскага журналіста, які папрасіў удакладненняў:
«Вы дагуляецеся з гэтай русафобіяй. Часам нясмелы чалавек, загнаны ў кут, можа стрэліць. Вось чым можа скончыцца гэтая істэрыя, цемрашальства. Нясмелы чалавек можа націснуць на курок», - заявіў Залдастанаў карэспандэнту польскага СМІ.
Нагадаем, у сярэдзіне красавіка члены расейскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі», з якімі сябруе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвясцілі аб правядзенні з 25 красавіка да 9 траўня мотапрабег у гонар 70-годдзя перамогі над фашызмам з Масквы ў Берлін праз Менск, Берасце, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады. Лідар клуба Аляксандр Залдастанаў з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзян РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕЗ.
Планы расейскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны маюць намер наведаць у рамках акцыі.
24 красавіка МЗС Польшчы перадало ў амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, у якой адмовіла групе расейскіх матацыклістаў ва ўездзе на польскую тэрыторыю.