Вацлаў Арэшка: Мотапрабег «Начных ваўкоў» - агрэсіўная правакацыя Пуціна
10- 28.04.2015, 16:01
- 23,892
Пуцінскім байкерам няма чаго рабіць на тэрыторыі ЕЗ.
Такое меркаванне выказаў charter97.org культуролаг і чалец аргкамітэта для стварэння партыі «Беларускi Рух» Вацлаў Арэшка.
«Гэта відавочная агрэсіўная правакацыя супраць Еўропы і ўсіх нармальных людзей з боку Расеі. Тое, што афіцыйная Беларусь іх не толькі прапусціла праз сваю тэрыторыю, але яшчэ і прыняла з такім размахам у чарговы раз, пацвярджае той факт, што Лукашэнка - гэта халуй Пуціна. Як бы ён не дэманстраваў сваю самастойнасць перад Еўропай, але ўсё роўна Беларусь знаходзіцца ў кантэксце расейскай палітыкі, расейскай ідэалогіі, «рускага свету» - і гэта ўсё вельмі сумна.
Вельмі спадзяюся, што іх не прапусцяць у ЕЗ. Бо мотапрабег байкераў Пуціна - гэта вельмі непрыемная для ўсіх цывілізаваных і свабодных людзей з'ява. А тое, што Беларусь з віны ўладаў усё глыбей апускаецца ў «рускі свет» - гэта негатыўная тэндэнцыя. Беларусам трэба пра гэта думаць і заставацца пільнымі», - адзначыў ён.
Нагадаем, у сярэдзіне красавіка члены расійскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі», з якім сябруе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвясцілі аб правядзенні з 25 красавіка да 9 траўня мотапрабег у гонар 70-годдзя перамогі над фашызмам з Масквы ў Берлін праз Менск, Берасце, Вроцлаў , Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады. Лідар клуба Аляксандр Залдастанаў з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзян РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕЗ.
Планы расейскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны маюць намер наведаць у рамках акцыі. Так, паступалі паведамленні з Нямеччыны і Польшчы аб тым, што ў гэтых краінах таксама выступаюць супраць мотапрабегу байкераў Пуціна. Беларускія байкеры таксама адмовіліся далучыцца да расейцаў.
24 красавіка МЗС Польшчы перадало ў амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, у якой адмовіла групе расейскіх матацыклістаў ва ўездзе на польскую тэрыторыю, паведамляе інтэрнэт-выданне.
На выходных «Начных ваўкоў» прынялі ў Беларусі на ўзроўні адміністрацыі Лукашэнкі, што выклікала абурэнне беларусаў у сацыяльных сетках. Учора палякі не пусцілі байкераў Пуціна і журналістаў НТВ на тэрыторыю Еўразвязу. Сёння яны далі прэс-канферэнцыю ў расейскім пасольстве ў Берасці і заявілі аб тым, што маюць намер паспрабаваць праехаць мяжу зноў, цяпер ужо пашыраным складам у 100 чалавек. Яны маюць намер быць у Берліне ўжо праз два дні.