Беларускія актывісткі перадалі «Начным ваўкам» касметычку з памадай
19- 29.04.2015, 17:31
- 20,353
Каля амбасады Расеі ў Менску затрыманыя грамадскія актывісткі, якія праводзілі перфоманс супраць мотапрабегу «Начных ваўкоў».
Акцыю здымалі незалежныя журналісты. У іх міліцыянты перапісалі пашпартныя звесткі, а затым адпусцілі. Актывістак Вольгу Мікалайчык і Кацярыну Садоўскую затрымалі і павезлі на аўтатранспарце МУС у невядомым кірунку. На гэты момант іх тэлефоны недаступныя. Месцазнаходжанне актывістак высвятляецца.
Яшчэ адна ўдзельніца перформансу, актывістка Партыі БНФ Кацярына Рамашкевіч распавяла «Радыё Свабода», як адбылося затрыманне.
«Мы аднеслі імправізаваную касметычку да амбасады Расеі ў знак таго, што мы пратэстуем супраць мотапрабегу «Начных ваўкоў». Мы хочам, каб яны забралі сваю касметычку. Зразумела, што гэта звязана з мемам, які стаў папулярным у інтэрнэце цягам апошніх дзён. Мы пакінулі касметычку ля ўваходу і сказалі ў дамафон: «Забярыце рэчы і перадайце вашым ваўкам». Пасля гэтага мы сышлі ад амбасады. Я пайшла крыху раней, і калі азірнулася, то ўбачыла, што ў іншых удзельнікаў акцыі міліцыянты правяраюць пашпарты. Я зайшла ў краму, а калі выйшла, то не ўбачыла сваіх паплечніц. Сувязі з імі няма».
Са слоў Кацярыны Рамашкевіч, «касметычка» ўяўляе сабой вялікі празрысты пакет, у які паклалі маленькую касметычку, памаду, некалькі ўпаковак ценяў для вачэй, пілачку для пазногцяў, карункавыя кофтачкі і жаночы абутак.
«Вядома, гэтая перадача касметычкі - гэта здзек. Сутнасць перформансу ў тым, што мы нібыта знайшлі гэтыя рэчы на Кургане Славы пасля таго, як яго наведалі «Начныя ваўкі». Яны самі пасля казалі, што на польскай мяжы ў іх аглядалі ўсе іх касметычкі. Такім чынам мы хацелі паказаць, што адну яны забыліся ў Беларусі. Вядома, гэта метафарычна. Сэнс яе ў тым, што мы супраць мотапрабегу і хочам, каб «Начныя ваўкі» з'ехалі з нашай зямлі разам са сваімі касметычкамі», - кажа актывістка.