Валянцін Стэфановіч: Беларускія ўлады не хочуць рабіць крокі насустрач ЕЗ
1- 30.04.2015, 17:48
- 26,897
Беларускія ўлады не вызваляюць палітвязняў, што сведчыць пра нежаданне рабіць крокі насустрач Еўразвязу.
Пра гэта заявіў журналістам у Магілёве намеснік старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч 30 красавіка пасля адхілення касацыйнай скаргі Мікалая Дзядка, піша БелаПАН.
Сёння касацыйная калегія Магілёўскага абласнога суда пакінула ў дзеянні прысуд палітвязню Мікалаю Дзядку, згодна з якім ён асуджаны яшчэ на адзін год паводле абвінавачвання ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
Са слоў Стэфановіча, пра нежаданне беларускіх уладаў ісці на збліжэнне з Еўразвязам кажа як сітуацыя з Мікалаем Дзядком, так і новая крымінальная справа ў дачыненні да Юрыя Рубцова, а таксама той факт, што 4 траўня будзе пераглядацца справа Мікалая Статкевіча аб рэжыме адбыцця пакарання.
Ён таксама назваў заганнай практыку прымянення артыкула 411 Крымінальнага кодэкса, паводле якога Дзядку быў дададзены яшчэ год зняволення, як перажытак савецкіх часоў, які захаваўся толькі ў крымінальных заканадаўствах былых савецкіх рэспублік Беларусі, Узбекістана і Казахстана. "Мы мяркуем, што гэты артыкул павінна быць скасаваны. Дзеянні чалавека, які ходзіць у цішотцы, а павінен хадзіць не ў цішотцы, - гэта толькі дысцыплінарныя правіны, за якія не можа быць крымінальнай адказнасці", - падкрэсліў ён.
Расчараваная сённяшняй пастановай абласнога суда і маці Мікалая Дзядка. "У сённяшнім разглядзе я заўважыла самы сапраўдны намер. Намер на знішчэнне разважных людзей. Прыведзеныя парушэнні - "хадзіў у майцы" - недарэчныя, бо ўсе зняволеныя так ходзяць. Гэта значыць, быў намер яго не выпусціць", - заявіла журналістам Валянціна Дзядок.
Аднак, з яе слоў, нават у гэтай сітуацыі яна знайшла прычыну пахваліць сына. "Мне спадабалася тая заява, якую ён напісаў сам. Ён расце, развіваецца, ужо юрыст класны. І такія прафесіяналы сядзяць у турме", - сказала маці палітвязня.
У зале судовага пасяджэння прысутнічаў таксама прадстаўнік Еўразвязу, які, аднак, адмовіўся ад каментароў журналістам.
Нагадаем, Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, якія праходзілі з ім па адной справе, былі асуджаныя судом Заводскага раёна Менска 27 траўня 2011 года. Яны прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, прадугледжаных ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.2 і 3 арт.218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Ім інкрымінаваўся шэраг нападаў на будынкі і падпалы, прынамсі, правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе.
5 снежня 2012 года пастановай суда ўмовы адбыцця пакарання Дзядку былі замененыя на больш жорсткія, і яго перавялі з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва.
Праваабаронцы расцэньваюць прысуд Мікалаю Дзядку як палітычна матываваны і ўважаюць яго за палітвязня.