27 снежня 2024, Пятніца, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Скрабец: Асобны дзякуй за катаванні Статкевіча ЕЗ і апазіцыйнай «сямёрцы»

11
Сяргей Скрабец: Асобны дзякуй за катаванні Статкевіча ЕЗ і апазіцыйнай «сямёрцы»

Згодніцкая палітыка ЕЗ і безадказнасць апазіцыі прывялі да аднаўлення катаванняў Мікалая Статкевіча.

Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) патрабуе спыніць катаванні ў дачыненні да свайго лідара Мікалая Статкевіча. Прэзідыум Народнай Грамады выступіў з адмысловай заявай, піша «Беларуская праўда».

«Адміністрацыя папраўчай калоніі №17 Шклова пазбавіла экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча кароткатэрміновага спаткання і прадуктовай перадачы. Цягам апошняга тыдня яму вынесены шэраг спагнанняў, складзена восем актаў. Акрамя таго, Статкевіч быў змешчаны на трое сутак у штрафны ізалятар, а 3 красавіка пераведзены на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу.

У сувязі з гэтым БСДП НГ выказвае сваю крайнюю заклапочанасць з нагоды прымянення катаванняў у дачыненні да старшыні нашай партыі, беларускага палітвязня Мікалая Статкевіча. Інакш, як узмацненнем супрацьпраўнага ціску, нельга растлумачыць ужыванне да палітвязня самых строгіх пакаранняў у турэмных умовах», - гаворыцца ў дакуменце.

Народная Грамада ўважае за недапушчальнае прымяненне катаванняў у дачыненні да беларускіх палітвязняў і заклікае еўрапейскіх палітыкаў «патрабаваць спынення катаванняў і здзекаў, якія ўжываюцца да апанентаў улады».

- Катаванні Статкевіча - змяшчэнне яго ў памяшканне камернага тыпу, абмежаванне магчымасці дыхаць свежым паветрам, нармальна харчавацца, падсяленне да яго ў камеру асуджаных на пажыццёвае зняволенне, псіхічна хворых - адбываюцца не проста так, - растлумачыў «Беларускай праўдзе» генеральны сакратар Народнай Грамады Сяргей Скрабец. - Асобны «дзякуй» палітыцы Еўразвяза і асабіста Майры Мора, якая падтрымлівае дыктатара, асобны дзякуй Мэркель і Аланду за згодніцкую палітыку з беларускім рэжымам. Асобны «дзякуй» і апазіцыйнай «сямёрцы», якая спачатку наважыла вылучаць Статкевіча адзіным кандыдатам у прэзідэнты, а затым сабатавала пастанову. І асабіста Калякіну, Вештард, руху «За свабоду» і кампаніі «Гавары праўду».

Беларуская ўлада дэманструе дзеянні, катуючы Статкевіча. Адказнасць за тое, што можа адбыцца са Статкевічам у далейшым, нясуць не толькі ўлады, але і ўсе пералічаныя мной суб'екты, - падкрэсліў палітык.

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне паводле прысуду суда Ленінскага раёна Менска, які ў траўні 2011 года прысудзіў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Першапачаткова асуджаны ўтрымліваўся ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткім ўмовы адбыцця пакарання - адміністрацыя калоніі палічыла, што Статкевіч «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання мае намер «весці злачынны лад жыцця». Фармальнай падставай для гэтых абвінавачванняў стала адсутнасць на адзенні Статкевіча біркі з нумарам зняволенага, а таксама тое, што ён не ўказаў у спісе асабістых рэчаў насоўкі.

Статкевіча перавялі на тры гады ў магілёўскую турму №4, адкуль 12 студзеня гэтага года ён вярнуўся ў шклоўскую калонію №17.

Нядаўна Мікалаю Статкевічу забаранілі доўгатэрміновае спатканне са сваякамі на падставе двух рапартаў аб парушэнні правілаў унутранага распарадку, якія ён нібыта здзейсніў у першыя два дні знаходжання ў шклоўскай калоніі. Паводле інфармацыі жонкі палітыка, першы рапарт быў складзены за неўстаноўленую форму адзення (Статкевіч быў апрануты ў штаны, выдадзеныя яму ў магілёўскай турме), другі - у сувязі з тым, што за 15 хвілін да адбою асуджанага не было на спальным месцы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках