27 снежня 2024, Пятніца, 9:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы ды Беларусі вельмі падобныя

10
Зміцер Бандарэнка: Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы ды Беларусі вельмі падобныя

У 2010 годзе ў Беларусі таксама павінен быў адбыцца другі тур прэзідэнцкіх выбараў.

Пра гэта распавёў у інтэрв'ю charter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.

- Як вы пракаментуеце вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы? Як сталі магчымыя такія сенсацыйныя вынікі?

- Сапраўды, адбылася сенсацыя, бо базавы рэйтынг дзейнага прэзідэнта Браніслава Камароўскага складаў 67%, а альтэрнатыўнага, галоўнага апазіцыйнага кандыдата Анджэя Дуду практычна ніхто не ведаў. Тут магу сказаць, што спрацаваў такі вядомы паліткансалтынгавы эфект: пры вялікай колькасці кандыдатаў увага выбарцаў засяроджваецца на двух-трох постацях, і гэта акурат і адбылося.

Таму што і Дуда, і Кукіз вялі досыць дынамічную кампанію, а кандыдат «Грамадзянскай платформы», увогуле, стаў закладнікам стомленасці выбарцаў Польшчы ад палітыкі кіроўнай партыі. «Грамадзянская платформа» кіруе ў Польшчы ўжо восем гадоў, сапраўды, у яе шмат заслуг, і галоўнае - гэта поспехі ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім Звязам, у атрыманні наўпроставай фінансавай дапамогі з Брусэля і велізарных інвестыцый. Але адначасова ў Польшчы, як у кожнай краіне, існуе шмат праблем, і, на мой погляд, кіроўную партыю падвяла менавіта камунікацыя з грамадствам. Таму што «спачываць на лаўрах» у дэмакратычных краінах, у варунках, калі з'явіліся новыя медыі ў выглядзе сацыяльных сетак, - ну проста нельга.

- Гэта значыць, вы мяркуеце, што кампанія прэзідэнта Польшчы была недастаткова дынамічнай?

- Пра гэта ўсе кажуць. Існуе, на мой погляд, пэўны перакос інфармацыі ў Польшчы, у першую чаргу, на тэлевізіі. Таму што большасць тэлевізійных каналаў - гэта, скажам так, ліберальныя медыі. Кансерватыўных СМІ значна менш. І людзі не бачылі на ТВ рэальнага адлюстравання тых праблем, якія іх хвалююць: гэта медыцына, гэта адукацыя, гэта пытанні працаўладкавання і заробкаў. І тут мае месца нават не крах кампаніі самога дзейнага прэзідэнта, а менавіта пратэст пэўных колаў грамадства - перш за ўсё, моладзі - супраць стылю камунікацыі кіроўнай партыі з насельніцтвам.

- Лічбы падтрымкі двух вядучых кандыдатаў на выбарах прэзідэнта Польшчы некаторым нагадалі сітуацыю на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, калі ў другі тур павінны былі выходзіць Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Саннікаў.

- Так, у Беларусі было дзесяць кандыдатаў, у Польшчы - адзінаццаць, і натуральна, што ўвага большасці грамадства канцэнтруецца на двух-трох кандыдатах. Таму аналогія ў лічбах - даслоўна поўная. Таму што, паводле нашых звестак, у 2010 годзе Андрэй Саннікаў набіраў прыкладна 33-35%, блізу 15-17% набіраў кандыдат Уладзімір Някляеў. І зразумела было, што павінен адбыцца другі тур, у якім Саннікаў, заручыўшыся падтрымкай астатніх дэмакратычных кандыдатаў, перамагаў. І таму, калі Лукашэнка «малюе» сабе лічбы 80 і больш адсоткаў, а на ўсіх астатніх кандыдатаў - менш за 10 адсоткаў, то гэта значыць, што ён проста «ваюе» з матэматыкай, выступае супраць законаў статыстыкі і здаровага сэнсу.

Абсалютна зразумела, што выбары 2010 года былі цалкам сфальсіфікаваныя. Розніца паміж Польшчай і Беларуссю ў тым, што кандыдат ад апазіцыі цяпер змагаецца ў другім туры, а трэці кандыдат - Кукіз - з'яўляецца, магчыма, самым важным чалавекам у Польшчы. Таму што ад таго, як аддадуць галасы ў другім туры выбаршчыкі, якія яго падтрымалі, будзе залежаць, хто стане прэзідэнтам.

У Беларусі рэальныя пераможцы - апазіцыйныя кандыдаты - апынуліся ў турме. І гэта зусім не выпадкова, гэта дэманстрацыя таго, што Лукашэнка з трэскам саступіў на выбарах 2010 года.

Пра гэта пісалі кіраўніка МЗС Швэцыі, Польшчы, Нямеччыны і Чэхіі ў артыкуле «Лукашэнка - лузэр».

- Які ваш прагноз: ці зменіцца палітыка Польшчы да Беларусі, калі прэзідэнтам стане Анджэй Дуда?

- Рана казаць пра тое, хто стане прэзідэнтам Польшчы. Мне здаецца, палітыка ў дачыненні да Беларусі не зменіцца - ці будзе новым прэзідэнтам Анджэй Дуда, ці застанецца Браніслаў Камароўскі, бо агулам, як паказалі апошнія слуханні ў Сэйме Польшчы, аб Беларусі існуе кансэнсус вядучых партый. Гэта значыць, Беларусь уважаецца за дыктатуру. Сапраўды, трэба весці гандаль, ды трэба падтрымліваць нейкія сувязі паміж Беларуссю ды Польшчай - але ніякага «прарыву» чакаць не даводзіцца, пакуль у Беларусі не адбудуцца палітычныя змены.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках