26 снежня 2024, Чацвер, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Майра Мора: Менск аднаўляе дыялог правоў чалавека з Еўразвязам

13
Майра Мора: Менск аднаўляе дыялог правоў чалавека з Еўразвязам
МАЙРА МОРА

Спыненыя ў 2009 годзе перамовы аб выкананні правоў чалавека паміж Беларуссю і Еўразвязам павінны быць адноўленыя сёлета.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода»паведаміла кіраўніца дэлегацыі Еўрапейскага звязу ў Менску Майра Мора.

«Беларусь пагадзілася аднавіць дыялог аб правах чалавека, які першы раз адбыўся вясной 2009 года, пасля чаго сумесных сустрэч датычных гэтага пытання не было. Цяпер ідуць перамовы пра тое, калі гэта можа адбыцца. Хутчэй за ўсё, гэта будзе сёлета, дакладней я сказаць не магу.

Гэта частка спісу мерапрыемстваў, у якіх мы гатовыя супрацоўнічаць, так званай дарожнай карты. Чакаецца, што гэты дыялог будзе адбывацца на ўзроўні экспэртаў у розных галінах: напрыклад, калі гэта будзе тычыцца пенітэнцыярнай сістэмы, то гэта будзе прадстаўнік МУС, - залежыць ад характару пытанняў, якія бакі пагодзяцца ў гэтым раундзе абмяркоўваць», - зазначыла пасол Майра Мора.

У 2009 годзе Беларусь і Еўразвяз дасягнулі дамоўленасці аб правядзенні дыялогу аб выкананні правоў чалавека. Афіцыйна дыялог на гэтую тэму быў ініцыяваны 6 красавіка 2009 паводле вынікаў пасяджэння Рады Еўразвязу на ўзроўні міністраў юстыцыі. У рамках дыялогу прадугледжваліся сустрэчы і ў Беларусі, і ў Еўразвязе «прынамсі раз у год». Аднак пасля 2009 года такіх сустрэч не было.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак адзначыў, што прадстаўнікі Еўразвязу кансультаваліся з праваабаронцамі на гэты конт, але сам фармат дыялогу не прадугледжвае ўдзелу ў ім праваабаронцаў.

«Гэта дыялог Еўразвязу з Беларуссю і непасрэдна ў гэтым працэсе праваабаронцы не ўдзельнічаюць. Але, безумоўна, Еўразвяз праводзіў з намі кансультацыі адносна таго, якія тэмы, у якім ракурсе і ў якім парадку трэба падымаць, так як праблем шмат і немагчыма ахапіць неабсяжнае. Такія кансультацыі былі і, наколькі я разумею, будуць далей», - адзначыў ён.

Гулак не ўскладае вялікіх надзей на дыялог правоў чалавека паміж ЕЗ і Беларуссю, але ўсё роўна ўважае гэта пазітыўнай з'явай: «Я, безумоўна, далёкі ад таго, каб быць у дзікім захапленні, але гэта лепш, чым адсутнасць такога працэсу, і гэтым трэба карыстацца. Добра, што такая магчымасць ёсць».

Нагадваем, што прадстаўніца Еўразвязу ў Беларусі Майра Мора не карыстаецца даверам многіх беларускіх і еўрапейскіх палітыкаў і праваабаронцаў - праз шматлікія факты «заляцання» з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Тыдзень таму шведская праваабарончая арганізацыя «Östgruppen» пачала ініцыятыву адстаўкі Майры Моры. Ініцыятыву неўзабаве падтрымалі многія беларускія палітыкі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках