Марцін Угла: Мы ўжо бачылі ў 2010 годзе, чым сканчаецца дыялог паміж ЕЗ і Лукашэнкам
- 15.05.2015, 15:52
- 8,167
Усякія перамены шкодныя і небяспечныя для беларускага рэжыму.
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, каментуючы заяву кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майры Моры аб аднаўленні дыялогу паміж Менскам і Брусэлем.
- З аднаго боку, трэба казаць аб правах чалавека і патрэбны дыялог. Але з іншага важныя вынікі гэтага працэсу. Я ўпэўнены, што магчымасці пераканаць рэжым Лукашэнкі ў неабходнасці спыніць парушэнне правоў беларусаў няма. Гэта прынцыповае пытанне. Трэба проста патрабаваць павагі да правоў чалавека ад Менска. Не думаю, што дыялог, пра які кажа Майра Мора, прывядзе да гэтага.
- У 2010 годзе і ўлады Беларусі, і еўрапейскія палітыкі таксама казалі пра дыялог паміж Менскам і Брусэлем. Скончыліся гэтыя размовы 19 снежня жорсткім разгонам акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і арыштам сотняў чалавек, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты…
- Ёсць рызыка таго, што дыялог, пра які цяпер кажуць, скончыцца тым жа. Уладам Беларусі важна цяпер паказаць Еўрапейскаму Звязу, што яны нібыта гатовыя весці перамовы. Але ў 2010 годзе мы ўжо бачылі, чым гэта скончылася. Гэта можна было прадказаць, бо сапраўднага жадання праводзіць рэформы і пераўтварэнні ў краіне, у тым ліку і ў галіне правоў чалавека, ва ўладаў Беларусі няма. Перамены шкодныя і небяспечныя для іх.
- Напярэдадні заявы Майры Моры ваша арганізацыя заявіла аб тым, што яе дзеянні не адпавядаюць афіцыйнай палітыцы ЕЗ. Адлюстроўваюць, на ваш погляд, яе словы пра дыялог пазіцыю Брусэля? Якую лінію павінна праводзіць Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі?
- Самае галоўнае, за што мы крытыкавалі Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску, гэта адсутнасць паслядоўнасці і прынцыповасці. Сёння яны кажуць адно, заўтра - зусім іншае. Майра Мора нярэдка паказвала гэта на практыцы.
Прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі абавязана праводзіць менавіта палітыку гэтай арганізацыі і прадстаўляць яе афіцыйную пазіцыю. Наколькі нам вядома, яна палягае ў тым, што палітвязні, якія знаходзяцца ў турмах у вашай краіне, павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя, а таксама ў тым, што Менску неабходна правесці сістэмныя рэформы ў гэтай сферы. Мне здаецца, абавязак прадстаўніцы ЕЗ у Беларусі - прасоўваць гэтую пазіцыю. Аднак мы бачым, што часам Майра Мора гэта робіць, часам - не. Складваецца ўражанне аб двайных стандартах. Калі пазіцыя Брусэля змянілася - трэба звяртацца туды і патрабаваць тлумачэнняў. Але, калі мы гэта робім, чыноўнікі ЕЗ запэўніваюць, што патрабаванні да ўладаў Беларусі застаюцца ў дзеянні. Значыць, Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску абавязана прытрымлівацца гэтай лініі.
Вельмі важна тое, што наша патрабаванне аб адстаўцы Майры Моры падтрымалі многія вядомыя людзі. Гэта сведчыць аб адсутнасці даверу да Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску сярод беларусаў. Таму для Брусэля вельмі важна развязаць гэтае пытанне.