Freedom House, Libereco і «Вясна»: Свабоду палітвязням Беларусі
- 18.05.2015, 14:35
- 16,938
Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення беларускіх палітвязняў.
Пра гэта гаворыцца ў сумесным звароце ПЦ "Весна", швейцарска-нямецкая асацыяцыі Libereco - Партнёрства за правы чалавека і ўплывовай арганізацыі Freedom House. Праваабаронцы патрабуюць ад Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных зняволеных.
У цяперашні час у Беларусі па палітычных матывах за кратамі знаходзяцца шэсць чалавек. Сярод іх Мікалай Статкевіч, прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў. Былы кандыдат знаходзіцца ў зняволенні з часу прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.
Роўна чатыры гады таму, 18 мая 2011 года, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка былі прысуджаныя да сямі гадоў пазбаўлення волі кожны. Дзеянні абодвух маладых людзей, магчыма, маюць прыкметы правапарушэння, аднак іх абвінавачванні разглядаюцца як несправядлівыя, а прызначаны пакаранне як празмернае. Мы лічым, што іх заключэнне з'яўляецца палітычна матываваным.
З 2010 года па палітычных матывах знаходзяцца ў зняволенні Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч. Яны былі прысуджаныя да пяці з паловай і васьмі гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Маладыя людзі з'яўляюцца актывістамі нефармальных палітычных груп і, як і іншыя палітычныя зняволеныя, знаходзяцца пад пагрозай пераследу і запалохвання ў турме. У лютым 2015 года, усяго за некалькі дзён да заканчэння першапачатковага тэрміну турэмнага зняволення ў чатыры з паловай гады, па абвінавачванні ў парушэнні турэмнага рэжыму адбыўся суд над Мікалаем Дзядком, які быў прысуджаны да яшчэ аднаго году пазбаўлення волі.
Апошнім на дадзены момант палітвязням у Беларусі стаў Юры Рубцоў. У кастрычніку 2014 ён быў асуджаны на паўтары гады пазбаўлення волі ў выніку несправядлівага судовага разбору, непасрэдна звязанага з яго адвольным затрыманнем падчас мірнага сходу "Чарнобыльскі шлях-2014".
Наяўнасць палітычных зняволеных і пераслед іншадумцаў з'яўляюцца сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека. Будучы краінай, якая ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь абавязаная гарантаваць права на справядлівае і бесстаронняе судовае разбіральніцтва для ўсіх сваіх грамадзян, а таксама павінна была гарантаваць гэта права падчас судоў над шасцю згаданымі вышэй палітычнымі вязьнямі.
Звяртаючыся да Лукашэнкі, петыцыя заклікае яго забяспечыць права на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый для ўсіх людзей у Беларусі, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі неадкладна і безумоўна.