14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Аўтуховіч: Ніякіх «выбараў» няма, няма чаго туды хадзіць

36
Мікалай Аўтуховіч: Ніякіх «выбараў» няма, няма чаго туды хадзіць
Мікалай Аўтуховіч

Былы палітвязень не бачыць сэнсу ва ўдзеле апазіцыі ў прэзідэнцкіх «выбарах».

Лідзія Ярмошына не хавае сваіх намераў і ў кожным зручным выпадку нагадвае пра тое, што наперадзе - такі ж спектакль з укідваннем бюлетэняў, як 20 гадоў запар. Былы палітвязень, ветэран Афганскай вайны Мікалай Аўтуховіч з'яўляецца адным з самых вядомых бізнэсоўцаў Ваўкавыска. Мясцовыя яго паважаюць нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў яго ачарніць і падгрэбсці пад сябе. Калісьці ён адмовіўся ад дапамагання кіраўніцтву мясцовай падатковай інспекцыі - і за гэта апынуўся ў турме. Ён мяркуе, што «Ярмошына - гэта наогул такі чалавек, на выказванні якога нават не варта звяртаць увагу, марыянетка» і не ўважае за патрэбнае ўдзельнічаць у «выбарах».

- Нядаўна кіраўніца ЦВК сказала, што «выбары - як жыццё, усе ведаюць, чым яны скончацца».

- Калісьці Ярмошына давала мне адпіскі, калі я балатаваўся ў дэпутаты ў «палату прадстаўнікоў». Мы тут на адным участку, у школе ў вёсцы Канюхі злавілі дырэктара школы, якая была старшынёй выбарчай камісіі. У яе было дзве скрыні для бюлетэняў. Яна адну скрыню схавала, забегла ў кабінет, а іншая стаяла каля міліцыянтаў. У нас былі аператары, якія гэта ўсё зафатаграфавалі. Таксама ўзялі інтэрв'ю ў міліцыянтаў, якія пацвердзілі факт наяўнасці двух скрыняў. Мы гэта ўсё пазначылі ў пратаколе і адправілі скаргу ў ЦВК. І такіх парушэнняў было шмат: было складзена 75 скаргаў. А Ярмошына кажа: так, маўляў, парушэнні былі прызнаныя, але парушэнні на адным вашым ваўкавыскім участку не могуць паўплываць на вынікі ўсёй Беларусі. Але калі парушэнні прызнаныя, дык чаму ніхто так і не быў за іх пакараны? Вось такая яна жанчына, гэтая Ярмошына.

- Якая павінна быць рэакцыя на такія бессаромныя заявы старшыні выбаркаму ўжо сёння?

- Я і калі сядзеў казаў, і цяпер кажу, што паколькі выбараў не было, няма і не будзе, няма чаго туды хадзіць. Трэба прыкласці максімальныя намаганні для таго, каб як мага больш людзей іх байкатавалі. Што тычыцца адзінага кандыдата, я мяркую, што менавіта Мікалай Статкевіч з'яўляецца той фігурай, вакол якога сёння можна аб'яднацца і аб'яднаць людзей. Але ж ніхто яго кандыдатам не зробіць, таму і выбараў не будзе. Выбары будуць тады, калі Лукашэнкі не будзе пры ўладзе. Тады ўсё зменіцца. Тады і будуць выбары. А хутка так і будзе.

- Вы адчуваеце, як памянялася жыццё? Як жывецца людзям у Ваўкавыску?

- У нашым маленькім горадзе вельмі добра адчуваецца, як стала цяжка жыць. Калі ў Менску яшчэ неяк заробкі плацяць, некаторыя прадпрыемствы працуюць, то тут сітуацыя выглядае зусім інакш. Мая родная сястра працуе ў дзяржаўнай паліклініцы. Атрымлівае 1,7 млн. І яна за іх жыве! Усе людзі сталі так атрымліваць. Камусьці заробак зрэзалі, кагосьці наогул скарацілі. Усе ўжо проста стогнуць. А вы ведаеце, чым звычайна такое сканчаецца. Гэта толькі пачатковая стадыя, а далей будзе толькі горш. Таму нейкі канец будзе і ён ужо блізкі.

Нагадаем, першы раз Мікалая Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нібыта нявыплаце падаткаў, тады яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і Еўразвязу.

Другі раз яго арыштавалі 8 лютага 2009 года.

У траўні 2010 года за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў яго вінаватым паводле часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прыгаварыў да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязням, асуджаным за сваю актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Акрамя таго, адзначаюць яны, падчас суда над ім былі дапушчаныя сур'ёзныя працэсуальныя парушэнні.

Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю 8 красавіка мінулага года.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках