Прызначаная дата суда над Юрыем Рубцовым
1- 20.05.2015, 18:18
- 23,660
Суд над палітвязнем Юрыем Рубцовым адбудзецца 27 траўня а 10.00 у судзе Пружанскага раёна.
Разбірацца ў крымінальнай справе паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса ("ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі") будзе суддзя Мікалай Рэпіха. Максімальны прысуд, які можа пагражаць палітвязню паводле гэтага артыкула - пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, паведамляе ПЦ "Вясна".
На гэты момант Юры Рубцоў знаходзіцца ў следчым ізалятары горада Баранавічы і трымае галадоўку.
Нагадаем, падставай да распачынання крымінальнай справы паслужылі матэрыялы органаў дазнання за парушэнне парадку і ўмоваў адбыцця пакарання, прадугледжаных часткай 3 артыкула 47 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і правіламі ўнутранага распарадку, якія абавязваюць асуджанага працаваць згодна з накіраваннем адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу. Абвінавачаны чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасад, што падпадае пад склад злачынства ў выглядзе ўхілення ад адбыцця пакарання паводле прысуду.
Юры Рубцоў адмаўляўся працаваць на прапанаваных прадпрыемствах праз нізкі заробак і патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэднім заробкам у краіне - 600 даляраў. Палітвязень таксама не згодны з тым, што ва ўстановах адкрытага тыпу пры накіраванні на працу парушаецца працэдура працаўладкавання і звальнення.