Валянцін Стэфановіч: Мікалая Дзядка ў калоніі катуюць
3- 27.05.2015, 15:47
- 31,441
Пенітэнцыярная сістэма Беларусі захавала шмат якія элементы таталітарнага мінулага.
Ніхто са зняволеных не застрахаваны ад жорсткага абыходжання і катаванняў з боку адміністрацыі паводле асабістых і палітычных матываў. Пра гэта сайту charter97.org распавёў беларускі праваабаронца, намеснік кіраўніка ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
- Стала вядома, што змешчаны ў Горацкай калоніі палітвязень Мікалай Дзядок нанёс сабе раны жывата і рук. Як вы пракаментуеце гэты факт?
- Гэта стала вядома са слоў ягонай жонкі. За той нядоўгі час, які Мікалай Дзядок правёў у калоніі ў Горках, у яго было чатыры спагнанні і два змяшчэнні ў штрафны ізалятар. Апошні інцыдэнт - гэта калі яго адправілі 19 траўня ў штрафны ізалятар на 7 дзён і змясцілі ў халодную камеру, дзе чалавек фактычна не мог знаходзіцца. Ён адпакутаваў там усю ноч, а раніцай учыніў гэты акт, каб прыцягнуць увагу адміністрацыі і дамагчыся пераводу ў іншую камеру. Натуральна, ён перад гэтым спрабаваў дакрычацца да каго-небудзь з адміністрацыі, але безвынікова. У выніку ён вымушаны быў пайсці на нанясенне сабе ран. Гэты метад зняволеныя часта выкарыстоўваюць для прыцягнення ўвагі адміністрацыі або органаў пракурорскага нагляду да фактаў парушэння сваіх правоў. Тут мы маем справу з тыповым выпадкам парушэння правоў зняволенага. Гэта сведчыць, па-першае, аб тым, што на Мікалая Дзядка, як на палітвязня, ціснуць - у кантэксце апошніх падзей, калі мы назіраем узмацненне ціску на ўсіх палітвязняў: і на Юрыя Рубцова, і на Мікалая Статкевіча, і на ўсіх астатніх . Па-другое, гэта сведчыць аб тым, што наша пенітэнцыярная сістэма не выраклася гэтых элементаў таталітарнага мінулага. Умовы ўтрымання ў штрафным ізалятары практычна невыносныя для людзей.
- Ці можна расцаніць гэта як выкарыстанне катаванняў да зняволеных?
- Безумоўна, змяшчэнне зняволенага ў такія ўмовы адназначна можна трактаваць як нялюдскае, жорсткае абыходжанне і як выкарыстанне катаванняў. Калі чалавек не можа спаць, то мы маем справу з фактам пазбаўлення сну. А гэта - адзін з «упадабаных» метадаў катавання, што выкарыстоўваліся ў савецкіх лагерах, калі чалавека саджалі ў халоднае памяшканне ў адной робе.
- На вашую думку, выкарыстанне такіх метадаў да Мікалая Дзядка звязана з ягоным статусам палітвязня?
- Цяжка сказаць. Думаю, так, хутчэй за ўсё праз гэта. Але, у прынцыпе, сама сітуацыя ў беларускіх турмах такая, што кожны зняволены не застрахаваны ад такога абыходжання з боку адміністрацыі. З усялякай прычыны і матыву - ад прадузятага стаўлення адміністрацыі да "палітычнай замовы" ў дачыненні да зняволенага.