На суд над Статкевічам не пусцілі прадстаўнікоў ЕЗ і журналістаў
13- 4.05.2015, 15:28
- 28,988
У шклоўскай калоніі пачаўся суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам.
На суд не пусцілі прадстаўніка Еўрасаюза.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» паведамляе праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.
«Жонку Мікалая Статкевіча Марыну Адамовіч дапусцілі згодна з заявай на суд, прадстаўніка Еўразвязу - не», - напісаў Бяляцкі.
Таксама на суд не пускаюць журналістаў і праваабаронцаў.
Нагадаем, сёння, 4 траўня, у шклоўскай калоніі №17 адбудзецца суд над Мікалаем Статкевічам аб змяненні яму рэжыму адбыцця пакарання з заменай яго на турэмны. Палітыка абвінавачваюць у парушэнні правілаў унутранага распарадку і непадпарадкаванні патрабаванням кіраўніцтва калоніі.
Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.