26 снежня 2024, Чацвер, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Рубцоў: Бацька ўсё жыццё прапрацаваў простым кіроўцам аўтобуса

11
Віктар Рубцоў: Бацька ўсё жыццё прапрацаваў простым кіроўцам аўтобуса
Юрый Рубцоў
ФОТА: «Радыё Свабода»

Сын Юрыя Рубцова распавёў пра жыццё палітвязня да турмы.

11 чэрвеня міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала гомельскага актывіста Юрыя Рубцова вязнем сумлення. Ягоны сын Віктар Рубцоў даў кароткае інтэрв'ю для сайта «Беларускага дакументацыйнага цэнтра», у якім распавёў пра свайго бацьку.

- Віктар, раскажыце трохі пра свайго бацьку.

- Бацька нарадзіўся ў Гомелі, адукацыя сярэдняя. Пасля таго, як адвучыўся на кіроўцу аўтобуса, практычна заўсёды і працаваў кіроўцам. Служыў у Савецкай арміі ў ракетных войсках. Пабываў у Афганістане, але маўчаў пра гэта да распаду СССР, бо даваў падпіску пра не разгалошванне, і афіцыйна служыў толькі ў Калініне (цяпер Цвер). У яго адзін сын, двое ўнукаў, старэйшаму Сяргею - 10, малодшаму Вову - 3 гады.

- А які Юрый дома? Які ён дзядуля?

- Вельмі любіць працаваць з дрэвам, сам рабіў мэблю, не на продаж, а для сям'і і на падарункі сваякам, любіць чытаць, падабаецца класічная музыка, пастаянна майструе якія-небудзь прыстасаванні для дома. Дзядуля ён вельмі станоўчы. Вова (малодшы ўнук) вельмі па ім сумуе - бацька надаваў шмат часу ўнукам, любіў з імі арганізоўваць экскурсіі па горадзе і стараўся іх здзівіць чым-небудзь нестандартным, напрыклад, пакатаць на цягніку замест звычайнай прагулкі.

- А як родныя і блізкія ўспрынялі арышт Юрыя?

- Арышт сваякі ўспрынялі па-рознаму, у некаторых з’явілася неразуменне ягонага пратэсту і мэты, але ў асноўным падтрымліваюць. Суседзі і знаёмыя вельмі паважліва адклікаюцца пра яго, заўсёды пры сустрэчы самі заводзяць размову, сочаць за ягоным лёсам з дапамогай інтэрнэту. Яшчэ з тых часоў, калі ён хадзіў на працу ў знакамітай майцы, з'явіліся свайго кшталту прыхільнікі. Бывалі выпадкі, што знаёмішся з новым чалавекам на працы, і, калі ён пазнае, хто мой бацька, то часам захапленню няма мяжы.

- Ці адчуваеце вы салідарнасць, маральную падтрымку ад раней незнаёмых Вам людзей?

- Падтрымку з боку адчуваем, гэта вельмі дапамагае. Часта знаёмімся з новымі людзьмі, ёсць адчуванне, што многія імкнуцца падставіць у гэтай складанай сітуацыі сваё плячо, падтрымаць, прыемна знаходзіцца ў асяроддзі аднадумцаў.

Юрый Рубцоў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд быў абвешчаны 28 траўня ў судзе Пружанскага раёна (Берасцейская вобласць) суддзёй Мікалаем Рэпіхам. Рубцоў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт.415 КК РБ) за тое, што, нібыта, адмаўляўся ад працы падчас адбыцця пакарання ВУАТ у вёсцы Куплін (Пружанскі раён Берасцейская вобласць).

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках