Сустрэчы Мікалая Дзядка з адвакатам абмяжоўваюць 15 хвілінамі
3- 25.06.2015, 17:21
- 39,281
25 чэрвеня спатканне Мікалая Дзядка з адвакатам доўжылася ўсяго 15 хвілін.
З вызначанай адміністрацыяй калоніі адной гадзіны спаткання ¾ часу заняла падрыхтоўка папер, размяшчэнне адваката ў пакоі спатканняў і прывод палітвязня. Гэта не першы выпадак, калі час на камунікацыю з абаронай Мікалаю Дзядку жорстка абмяжоўваюць, піша ПЦ «Вясна».
У сваю чаргу, візіты адваката носяць мэтанакіраваны характар - абмеркаванне і напісанне скаргаў у пракуратуру на незаконныя дзеянні адміністрацыі калоніі ў дачыненні да Дзядка.
«У адпаведнасці з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, для атрымання юрыдычнай дапамогі асуджаныя маюць права карыстацца паслугамі адвакатаў ці іншых асоб, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі. Парадак выдавання спатканняў з адвакатамі усталяваны Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў: у лік спатканняў, прадугледжаных заканадаўствам, такія спатканні не залічваюцца, іх колькасць і працягласць не абмяжоўваюцца, аднак праводзяцца яны ў непрацоўны час і толькі ў гадзіны ад пад'ёму да адбою. Такім чынам, адвольнае скарачэнне спатканняў зняволенага з адвакатам з'яўляецца парушэннем права на абарону, з аднаго боку. З іншага боку, такія дзеянні адміністрацыі калоніі замахваюцца на гарантыі адвакацкай дзейнасці: Законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» забараняецца перашкаджаць гэтай дзейнасці якім бы там ні было чынам. Забараняецца перашкаджаць адвакату ў сустрэчах сам-насам з ягоным падабаронным ва ўмовах, якія забяспечваюць прыватнасць такіх сустрэч, а таксама абмежаванне іх колькасці і працягласці», - пракаментаваў сітуацыю юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.
На гэты момант палітвязень зноў знаходзіцца ў ШІЗА, куды ён быў змешчаны 23 чэрвеня за адмову ад працы ўжо ў 5 раз пасля пераводу ў калонію г. Горкі. Даручаная яму праца заключалася ў збівання драўляных паддонаў 5 дзён на тыдзень па 7 рабочых гадзін і 3 гадзіны ў суботу са штомесячнай аплатай 5000 беларускіх рублёў, гэта можна расцэньваць як рабскую прымусовую працу пад пагрозай пакарання.
Пры гэтым Дзядок неаднаразова спрабаваў растлумачыць прычыну адмовы ад працы начальніку калоніі Аляксандру Лапатко, прасіў даць яму працу ў адпаведнасці з яго кваліфікацыяй і фізічным станам. Аднак, апошні не прыслухоўваўся да тлумачэнняў палітвязня, зноў і зноў караючы яго суткамі ў ШІЗА.
«Сваімі дзеяннямі адміністрацыя калоніі парушае права Мікалая на абарону. Акрамя таго, мы звярталіся ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі са скаргамі на волю адміністрацыі калоніі. Але адтуль паступіў адказ аб законнасці прынятых дзеянняў. Мы мяркуем, што адміністрацыя калоніі №9 дзейнічае наўмысна, свядома і спецыяльна правакуючы Мікалая Дзядка на парушэнне рэжыму ўтрымання ў мэтах падаўлення яго волі», - распавёў бацька палітвязня.
Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у дзеянні.