26 снежня 2024, Чацвер, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Прыстойныя людзі не могуць удзельнічаць у відавочнай клаўнадзе

37
Мікалай Статкевіч: Прыстойныя людзі не могуць удзельнічаць у відавочнай клаўнадзе
ФОТА: SVABODA.ORG

Палітвязень не выключае байкоту «выбараў».

Пра гэта Мікалай Статкевіч напісаў у лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч, паведамляе «Радыё Свабода».

Палітвязень адзначыў, што «аб'яднацца для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі дэмакратычныя сілы не змаглі і ўжо не змогуць». Са слоў Мікалая Статкевіча, тыя дэмсілы, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў, «нічога ўцямнага пра мэту свайго ўдзелу, як і пра яе стратэгіі, сказаць не могуць».

У гэтай сітуацыі ён даў згоду на фармаванне ініцыятыўнай групы вылучэння яго кандыдатам у прэзідэнты. З гэтай прапановай да яго звярнуліся калегі з «Народнай Грамады» і «Еўрапейскай кааліцыі». «А пасля гарантаванай адмовы ў рэгістрацыі абвясціць байкот», - адзначае Мікалай Статкевіч.

Ён адзначыў, што разумее матывы ініцыятараў свайго вылучэння. «Людзі прыстойныя і з актыўнай пазіцыяй не могуць як удзельнічаць у відавочнай клаўнадзе, так і быць у баку ад палітычных падзей. У самай складанай сітуацыі галоўнае - захаваць сваю маральную пазіцыю. Бо гэта значыць захаваць сябе як асобу. Не магу адмовіць людзям, якія неаднаразова сцвярджалі сваю годную пазіцыю ў жорсткіх умовах, у іх праве зрабіць гэты маральны жэст. Бо калі дэмакратычныя сілы будуць толькі «ўвасабляць жаданне міру», то што тады застанецца ад дэмакратычных сіл?» - піша Мікалай Статкевіч.

25 чэрвеня прадстаўнікі структур, якія падтрымалі ідэю вылучыць Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты, наважылі аб'яднаць свае намаганні і стварылі адзіную ініцыятыўную групу. Яе кіраўніком аднагалосна выбралі Марыну Адамовіч.

«Мы разглядаем любыя варыянты. І найбольш імаверныя, і самыя неверагодныя. Мы гатовыя дзейнічаць у любых умовах», - распавяла жонка палітвязня.

Яна не выключае, што гэтая кампанія можа паспрыяць вызваленню не толькі Мікалая Статкевіча, але і астатніх палітвязняў:

«Але сам Мікалай не разглядае гэта як шанец на сваё датэрміновае вызваленне. Хутчэй наадварот, ён гатовы ў чарговы раз падставіць сваю спіну, каб яшчэ ярчэй выявіць тыя праблемы з правамі чалавека, захаваннем законнасці і з усім, што вынікае з праблемы легітымнасці ўлады цягам, прынамсі, апошніх кампаній. Мікалай не разглядае гэта ні як сродак самапіяру, ні як магчымасць свайго датэрміновага вызвалення. Ён прымаў гэтую пастанову свядома, разумеючы, што яна можа яму досыць дорага каштаваць».

Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі праз абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткім умовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Па заканчэнні гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.

4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ўтрымліваўся Мікалай Статкевіч, была прынятая пастанова аб яго пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён). А 6 траўня палітык быў этапаваны ў турму №4 горада Магілёва.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках