Івонка Сурвіла: Трэба дамагацца, каб рэжым вызваліў палітвязняў
7- 9.07.2015, 11:12
- 35,561
Міжнародная супольнасць павінна прадоўжыць ціск на афіцыйныя ўлады Беларусі.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што ніякія выбары не могуць ўважацца законнымі і справядлівымі без выканання базавых дэмакратычных нормаў. У афіцыйнай заяве Рады БНР канстатуецца, што на гэты момант у Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, заяўляе старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:
- Мы павінны дамагацца, каб рэжым вызваліў палітвязняў. Гэта абсалютна недапушчальна, каб у цяперашняй Еўропе яны яшчэ існавалі, каб над імі так здзекаваліся. І трэба, каб з гэтым змагаўся беларускі народ, а не некалькі актывістаў і смелых, самаадданых людзей. Трэба, каб беларускі народ зразумеў, што без свабодных выбараў Беларусь ніколі не стане краінай, якой яна павінна была б быць.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць прадоўжыць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і рэальных крокаў для дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі.