15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Улады спрабуюць адцягнуць людзей ад татальнага збяднення

12
Алег Волчак: Улады спрабуюць адцягнуць людзей ад татальнага збяднення
АЛЕГ ВОЛЧАК
ФОТА: CHARTER97.ORG

Эканамічнае становішча ў краіне пагаршаецца, і ўладзе трэба ствараць ілюзію кантролю над сітуацыяй.

Беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка падпісаў 18 жніўня ўказ №356, якім сцвярджаецца Палажэнне аб камісіі ў супрацьдзеянні «экстрэмізму» і барацьбе з тэрарызмам. Такія камісіі будуць стварацца пастановамі абласных і Менскага гарадскога выканаўчых камітэтаў на тэрыторыях адпаведных абласцей і горада Менска.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак у інтэрв'ю сайту charter97.org распавёў пра магчымыя матывы, мэты і наступствы выдання такога ўказа:

- Калі я даведаўся аб падпісанні гэтага ўказа, у мяне адразу паўсталі думкі пра тое, што зноў пагаршаецца эканамічная сітуацыя: расце курс даляра, скарачаюцца працоўныя месцы, у рэгіёнах людзі пачынаюць патрабаваць павышэння заробку, а ў Менску - змагацца з ушчыльненнем жылых кварталаў.

Мяне адразу насцярожыла фраза ў гэтым указе, дзе гаворыцца, што створаныя камісіі могуць дзейнічаць у месцах збору людзей. Хутчэй за ўсё, гэты ўказ звязаны з «выбарамі» і мае на мэце пасеяць страх сярод людзей. Каб яны думалі: хай лепш маленькі заробак і парушэнне правоў, але затое ёсць «мір і спакой».

Напэўна, Аляксандру Лукашэнку паведамілі, што кампанія збору подпісаў фактычна праваленая ва ўсіх «кандыдатаў». Таму сёння ўладзе няма чаго прапанаваць грамадзянам, акрамя таго, як запалохаць людзей нейкімі «экстрэмісцкімі групоўкамі».

Другое, што мне не спадабалася: навошта ствараць нейкі дадатковыя спецорганы, калі ў нас ёсць КДБ, МУС, ёсць спецпадраздзяленне барацьбы з тэрарызмам «Алмаз», Аналітычны цэнтр пры прэзідэнце і Савет бяспекі, што каардынуе ўсе сілавыя ўстановы. Навошта ствараць яшчэ штосьці?

Тлумачэнне адно - адцягнуць увагу людзей ад рэальных праблем, ад збяднення перш за ўсё. Узначальваць гэтыя камісіі будуць старшыні аблвыканкамаў - непрафесіяналы, што наогул не маюць дачынення да пытання. Наўрад ці яны наогул разумеюць, што такое «экстрэмізм»...

- Хто, на вашу думку, у першую чаргу можа трапіць пад вызначэнне «экстрэміста»?

- Нават мы, юрысты-практыкі, не можам даць дакладнай дэфініцыі ва ўмовах Беларусі. Пад гэтую дзейнасць могуць падагнаць даслоўна ўсё. Нават тых жа футбольных фанатаў, якія скажуць: «Далоў уладу!». Ці тых, хто загарае на пляжы і пры затрыманні будзе казаць пра «свабоду».

Эканамічнае становішча ў краіне пагаршаецца, і ўладзе трэба ствараць ілюзію кантролю над сітуацыяй і падключаць да гэтага ўсіх, па магчымасці, чыноўнікаў. Улада цяпер вельмі далёкая ад людзей, таму яна прыдумляе ўсе гэтыя камітэты, камісіі - каб неяк кантраляваць настроі ў грамадстве.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках