З пачатку года ўжо адбылася амаль 40-адсоткавая дэвальвацыя
24- 20.08.2015, 15:14
- 32,437
Курс даляра на 20 жніўня складае Br16 498.
Як паведамлялася, у жніўні паслабленне курсу беларускага рубля паскорылася на фоне падзення расейскага рубля.
Так, курс даляра на 20 жніўня складае Br16 498/$1, еўра - Br18 337/1 еўра, расейскага рубля - Br246,3/1 рас. руб.
З пачатку жніўня дэвальвацыя беларускага рубля ў дачыненні да даляра склала больш за 8%. Тады за даляр давалі 15 248 беларускіх рублёў. У дачыненні да еўра беларускі рубель абясцэніўся амаль на 10%.
З пачатку года (у параўнанні з 1 студзеня 2015 года) курс беларускай нацвалюты да даляра абваліўся на 38,6%, да еўра - на 26,8%, да расейскага рубля - на 19%.
Нацыянальны банк Беларусі сёння выступіў з заявай, у якой тлумачыць паскоранае падзенне курсу беларускага рубля «вонкавымі кан'юктурнымі фактарамі».
«За мінулы перыяд на сусветных фінансавых рынках адбыліся сур'ёзныя змены, якія прывялі да істотнага павышэнню валацільнасць шэрагу ключавых эканамічных паказчыкаў. Такія кан'юнктурныя фактары, як рэзкае зніжэнне сусветных коштаў нафты, значнае паслабленне курсаў расейскага рубля, кітайскага юаня і казахстанскага тэнге, у значнай ступені аказалі ўплыў на ўнутраны валютны рынак нашай краіны, узмацніўшы валацільнасць абменнага курсу беларускага рубля да асобных валют», - гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей НББ.
Тым не менш, экспэрты ўпэўненыя: Беларусь знаходзіцца толькі на пачатку эканамічнага крызісу, і гэта вынікі эканамічнай палітыкі, якая праводзілася ўладамі апошнія два дзесяцігоддзі.