8 лiстапада 2024, Пятніца, 23:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будзем плаціць больш за 200% за паслугі ЖКГ?

119
Будзем плаціць больш за 200% за паслугі ЖКГ?
КРЫНІЦА: CARICATURA.RU

У колькі разоў напраўду падаражэюць камунальныя паслугі.

Чарговым разам улады пагражаюць поўнай аплатай «камуналкі». А колькі мы плацім цяпер? На гэтае пытанне спрабуюць адказаць журналісты «Белсата».

За камуналку будзем плаціць 100 % выдаткаў, але не заўтра. Гэтага абяцаюць і міністры, і Лукашэнка. Тарыфы будуць расці паступова разам з заробкамі і пенсіямі.

Беларусы чамусьці ў гэта вераць слаба і задаюць чыноўнікам пытанням – ці не плацім ужо ўсе 200 % за камуналку?

Беларускія кватэры пачалі цяплець з пачатку мінулага тыдня, у лістападзе жыхары пачнуць атрымліваць «цяжэйшыя» жыроўкі. І гэта пры тым, што самыя грамадзяне, са словаў віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, кампенсуюць менш за 17 % выдаткаў на цяпло.

«16,8 %, хаця б выйсці на нулявую рэнтабельнасць энергетыкам. Вось раздзяліце 100 % на 16,8, гэта прыблізна ў 6,5, у 7 разоў – хто вытрымае цяпер у 6,5 разоў у адзін момант падняць гэта тарыф?» – пытаецца Уладзімір Сямашка.

Віцэ-прэм’ер пераймаецца, што энергетыкі працуюць у мінус, у адказ беларусы просяць даказаць гэтыя лічбы.

«Няма поўнага раскладу эканамічнага ўвогуле, за што мы плацім. І таму вельмі складана сказаць, плацім мы 50 %, ці 10 %, ці можа 120 %», – кажа жыхар Менску.

Не шасціразовае, але заўважнае павышэнне коштаў беларусы толькі сёлета зазналі ўжо двойчы: напачатку года і з 1-га верасня. Да прыкладу, тарыф на цяпло цяпер складае без малога 17 рублёў за адну гігакалорыю. Паводле квітанцыі з мінулага ацяпляльнага сезону, каб сагрэць тыповую аднапакаёўку, за месяц неабходная амаль цэлая гігакалорыя, то бок трэба заплаціць, паводле новых коштаў, 16,5 рублёў. Пры стоадсоткавым тарыфе цяпло ў такім жытле каштавала б амаль 100 рублёў.

«Гэта вельмі непразрыстая сістэма, таму мы перыядычна чуем, што ў адзін год мы больш аплочваем, у другі год менш. Лукашэнка сам заяўляў не раз, што мы не ведаем, што ён не ведае, колькі насельніцтва аплачвае», – адзначае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Адказ правадыру Беларусі можна пашукаць у жыроўках суграмадзянаў. Як напісана ў вераснёўскіх рахунках, агульнае кампенсаванне беларусамі камунальных выдаткаў склала 69 %. Асобна ж за электраэнергію – яшчэ больш, 80 % агульнага кошту, а з 1-га студзеня будуць усе 100. Пытанне: за якія канкрэтна паслугі?

«У беларускай энергетыцы каля 30 % выдаткаў складае абслугоўванне. «Белсат» правёў расследаванне, што ў гэтым абслугоўванні існуе каля дзясятка прыватных манапалістаў, якія завышаюць тарыфы на свае паслугі ў тры-чатыры разы», – працягвае Станіслаў Івашевіч.

Пра манапалізацыю, штучныя накручванні коштаў, адсутнасць канкурэнцыі ва ўрадзе не кажуць. Кіраўнік краіны паспяшаўся ад непапулярнае захады дыстансавацца і спіхнуць усё на чыноўнікаў.

«Не трэба хваляваць насельніцтва размовамі аб стоадсоткавай кампенсацыі паслугаў літаральна з заўтрашняга дня. Гэта пытанне ў тым ліку і палітычнае, і спешка тут непрымальная», – заявіў пазаўчора Аляксандр Лукашэнка.

Палітычнае гэта пытанне, хутчэй, у першую чаргу. Бо ўсцяж свежыя ўспаміны пра веснавыя антыдармаедскія пратэсты.

Але расці тарыфы будуць. І Лукашэнка, і Сямашка далі гэта зразумець.

Напісаць каментар 119

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках