Яўген Афнагель: «Хартыя'97» - матор апазіцыі
5- 9.11.2017, 12:30
- 23,662
Сумленныя журналісты заўсёды адыгрывалі вызначальную ролю ў рэвалюцыйных зменах.
10 лістапада беларускай грамадскай ініцыятыве «Хартыя'97» спаўняецца 20 гадоў. Калі Чэхаславацкая «Хартыя'77» выступіла ў падтрымку арыштаваных музыкаў, то рухаючай сілай беларускай «Хартыі'97» з'яўлялася журналісцкая супольнасць. Пра яе ролю ў гісторыі Беларусі Charter97.org распавёў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.
- У 1997 годзе, калі была створана грамадзянская ініцыятыва «Хартыя'97», вы ўжо былі актыўным удзельнікам Супраціву. Як вы ўспрынялі з'яўленне гэтай ініцыятывы?
- Гэта былі гады масавых пратэстаў. Тады на акцыі выходзілі дзясяткі тысяч людзей, дэманстрацыі праходзілі ў цэнтры горада, іх удзельнікі неаднаразова давалі адпор правакацыям міліцыі. Але да восені 1997 гады стала зразумела, што пратэсты ідуць на спад. Прыхільнікі апазіцыі бачылі, што лідары партый часта не маглі дамовіцца паміж сабой, былі рознагалоссі з нагоды мэтаў і метадаў дзейнасці.
Я памятаю, што галоўнай тэмай размоў і спрэчак паміж актывістамі розных арганізацый тады была адсутнасць адзінства сярод апазіцыі і крытыка партыйнага кіраўніцтва. Многія думалі над тым, як аб'яднаць прыхільнікаў перамен.
Менавіта тады ў вядучых незалежных СМІ быў апублікаваны тэкст дэкларацыі «Хартыі'97». Сярод першай сотні падпісантаў яе былі вядомыя і аўтарытэтныя ў грамадстве людзі - журналісты, пісьменнікі, палітыкі, музыкі, філосафы. Была сфармуляваная і агучаная выразная і зразумелая мэта далейшай барацьбы - свабодная еўрапейская Беларусь. А потым, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў, за кароткі тэрмін пад тэкстам дэкларацыі былі сабраныя больш за сто тысяч подпісаў. Гэта давала ўпэўненасць у тым, што ў нас усё атрымаецца. «Хартыя'97» стала сімвалам адзінства і сілы апазіцыі.
- Які ўплыў, на ваш погляд, «Хартыя» зрабіла на палітычныя працэсы ў краіне?
- Тады, у канцы 90-ых - вызначальнае. Гэта паказалі акцыі і кампаніі таго часу. Альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары ў 1999 годзе, моцна напалохалі ўладу. «Маршы Свабоды», на якія выходзілі дзясяткі тысяч удзельнікаў. Кампанія байкоту «выбараў» у палатку ў 2000 годзе, поспех якой прызналі нават афіцыйныя СМІ. Без «Хартыі'97» гэтага ўсяго не было б.
Лідары ініцыятывы заўсёды прапаноўвалі новыя крэатыўныя ідэі ў арганізацыі пратэстаў, якіх так не ставала апазіцыі. «Хартыя'97», застаючыся ў цені, была своеасаблівым маторам пратэстаў, які прымушаў «круціцца» і расці іншыя арганізацыі і іх лідараў.
- Сёння брэнд «Хартыі'97» больш звязаны з аднайменным сайтам.
- Charter97.org сёння асноўная крыніца аператыўнай і праўдзівай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне. На жаль, многія СМІ, у тым ліку і тыя, якія лічаць сябе незалежным, не пішуць пра многія працэсы, якія ідуць у грамадстве, баяцца крытыкаваць уладу, а часта проста падыгрываюць ёй. Charter97.org застаецца прыкладам сумленнасці і маральнасці. Гэта цэняць чытачы сайта, якім часта вельмі складана знайсці аб'ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне.