9 лiстапада 2024, Субота, 5:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Шарэнда: Ідзе ціск на актывістаў і кіраўніцтва «Еўрапейскай Беларусі»

13
Андрэй Шарэнда: Ідзе ціск на актывістаў і кіраўніцтва «Еўрапейскай Беларусі»
Андрэй Шарэнда

Рэжым дайшоў ужо да апошняй стадыі маразму ў сваіх метадах.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў берасцейскі актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда, каментуючы сённяшні выклік ва Управу Следчага камітэта Берасця і Берасцейскай вобласці:

- Учора мне ўручылі позву - з'явіцца ў якасці «сведкі» сёння а 12.00 ва Управу Следчага камітэта Берасця і Берасцейскай вобласці. А сёння ў СК я даведаўся, што ў Берасці распачатая крымінальная справа за «абразу гонару і годнасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Справа ў тым, што яшчэ 16 лютага ў Берасці была вывешаная расцяжка «Лукашэнка, ты вырадак! Хопіць рабаваць наш народ». Што самае цікавае, аб факце вывешвання гэтага банэра ўжо распачыналася адміністрацыйная справа. І калі мяне 2 сакавіка прэвентыўна затрымалі напярэдадні «Маршу недармаедаў», у міліцыі дапытвалі і пра гэтую расцяжцы - але тады ў рамках адміністрацыйнага працэсу. Сёння ж я даведаўся, што ў справе правялі «лінгвістычную экспэртызу» і яна стала крымінальнай.

І першае, што зрабілі следчыя - гэта дапытаць мяне і маю жонку Паліну Шарэнду-Панасюк. Нас абодвух выклікалі ў СК сёння, але жонцы выклік якасці «сведкі» перанеслі на панядзелак, бо камусьці трэба было заставацца з маленькімі дзецьмі.

- Вы кажаце, што ўжо давалі паказанні ў гэтай справе, калі яна была адміністратыўнай. Як вы растлумачыце тое, што вашу сям'ю зноў наважылі турбаваць з гэтай нагоды?

- Вядома, мяне як «сведку» абавязалі даць падпіску пра неразгалошванне матэрыялаў справы, але я маю поўнае права выказаць сваё стаўленне да гэтага абсурду.

Хачу заявіць, што цяпер адбываецца мэтанакіраваны ціск на актывістаў і кіраўніцтва грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і наогул усіх беларусаў, хто выступае супраць рэжыму Лукашэнкі. Я думаю, што менавіта таму гэтую справу зноў наважылі падняць і надаць ёй статус крымінальнай.

А ў тым, што мяне і жонку выклікаюць на сённяшні дзень у якасці «сведак», я бачу факты запалохвання і маральнага ціску на актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

- Гэта значыць, вы не выключаеце, што статус «сведак» - гэта толькі на «сённяшні дзень» і яго могуць змяніць, калі захочуць націснуць мацней?

- Хачу заявіць гранічна зразумела і адкрыта: гэта палітычная справа і ніякіх каментароў або тлумачэнняў я нікому даваць не мае намеру. Тут відавочна праглядаецца палітычная правакацыя.

Для мяне смешная сама нагода для распачынання гэтай «справы»: не бачу нічога «крамольнага» ў тэксце вывешанай калісьці ў Берасці расцяжкі. Відавочна, што рэжым Лукашэнкі дайшоў да такога маразму, што нават такія акцыі, як гэтая расцяжка, успрымаюцца ім як «абраза». Гэта, па-мойму, ужо апошняя стадыя неадэкватнасці рэжыму.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках