Украіна падпісала бязвізавы рэжым з ЕЗ
82- 17.05.2017, 16:10
- 46,888
Бязвізавы рэжым Украіны з Еўразвязам увойдзе ў дзеянне праз 20 дзён пасля публікацыі ў «Афіцыйным часопісе» ЕЗ.
У Страсбургу ў будынку Еўрапейскага парламента была падпісаная пастанова аб наданні Украіне бязвізавага рэжыму з краінамі Еўрапейскага Звязу, паведамляе gordonua.com.
Падчас падпісання прысутнічаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і старшыня Еўрапейскага парламента Антоніё Таяні.
Бязвізавы рэжым ўвойдзе ў дзеянне праз 20 дзён пасля публікацыі ў «Афіцыйным часопісе» ЕЗ.
6 красавіка Еўрапейскі парламент падтрымаў пастанову аб наданні Украіне бязвізавага рэжыму.
26 красавіка яго ўхваліў камітэт сталых прадстаўнікоў краін - чальцоў Еўрапейскага Звязу, а 11 траўня - Рада Еўрапейскага Звязу на ўзроўні міністраў сельскай гаспадаркі і рыбнай лоўлі.
У МЗС Украіны ўжо заявілі, што ўвядзенне ЕЗ бязвізу для грамадзян Украіны дазволіць лібералізаваць візавы рэжым з прыблізна 30 краінамі так званага белага шэнгенскага спісу, у ліку якіх дзяржавы Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Персідскага заліва і Азіі.
Для бязвізавага выезду за мяжу спатрэбіцца біяметрычны пашпарт.