8 верасня БНК правядзе Акцыю папярэджання
1- 21.07.2017, 15:01
- 33,836
Беларуская апазіцыя выступае катэгарычна супраць вучэнняў «Захад–2017».
21 ліпеня ў Менску прайшло пасяджэнне Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Першым пытаннем была разгледжаная сітуацыя вакол вайсковых вучэнняў «Захад–2017».
Прынятая адпаведная заява:
ЗАЯВА РАДЫ БНК
«За мірную Беларусь!»
Беларусы!
Мы не павінны забывацца на трагічныя ўрокі мінулых стагоддзяў. Наш народ прымусова ўцягваўся ў крывавыя войны, беларуская зямля рабілася полем бою, мы страцілі мільёны нявінных жыццяў.
У пачатку нашай незалежнасці мы зрабілі высновы з нашай гісторыі, замацаваўшы ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь палажэнне пра імкненне да нейтралітэту, якое парушаецца цяперашнім кіраўніцтвам краіны.
Адно з такіх парушэнняў – супольныя беларуска-расейскія ваенныя вучэнні «Захад–2017», запланаваныя на верасень сёлета. Да ўдзелу ў вучэннях рыхтуюцца тысячы вайскоўцаў з краіны, якая ўдзельнічае ва ўзброеным канфлікце на Усходзе Украіны, якая захапіла частку ўкраінскай зямлі і вуснамі сваіх афіцыйных палітыкаў пагражае заходнім дзяржавам ужываннем ядзернай зброі.
Нас не могуць не хваляваць звесткі, што пасля вучэнняў расейскія вайскоўцы могуць застацца ў Беларусі, што ў нашых памежных раёнах рыхтуюцца базы захоўвання расейскай зброі на выпадак вайны Расеі з NATO і Украінай.
Мы не хочам, каб беларусаў зноў рабілі гарматным мясам у чужых войнах, каб на нашай зямлі лілася чалавечая кроў.
Мы заяўляем, што будзем разглядаць размяшчэнне чужых войскаў на нашай зямлі як акт агрэсіі супраць Беларусі.
Мы гатовыя да супраціву любой агрэсіі супраць нашай краіны. Але любую бяду трэба паспрабаваць спачатку прадухіліць.
Заклікаем беларускіх патрыётаў узяць удзел у Акцыі папярэджання магчымай агрэсіі! Чакаем вас 8 верасня а 18-й на Кастрычніцкай плошчы Менска!
У гэты дзень 25 гадоў таму тысячы беларускіх вайскоўцаў, якія дзейнічаюць і ў запасе, прынялі на галоўнай плошчы сталіцы сімвалічную прысягу на вернасць Беларусі. Іхняя клятва абараняць сваю Айчыну прагучала на ўсю краіну. Яна была жорсткім папярэджаннем тым, каму косткай у горле была маладая беларуская незалежнасць. Яна прымусіла тагачасныя ўлады прывесці да афіцыйнай прысягі на вернасць Айчыне ўсё беларускае войска.
З нагоды гэтай падзеі Рада БНК прапануе прыняць 8 верасня Прысягу волі. Разам паклянемся вызваліць нашу краіну ад унутранай акупацыі і абараніць яе ад любой вонкавай пагрозы.
За мірную і нейтральную Беларусь!
Улада – народу!
Жыве Беларусь!
г. Менск 21 ліпеня 2017 г.