25 снежня 2024, Серада, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барацьба за праўду: «Хартыю» і беларускіх журналістаў падтрымалі ў Брусэлі

11
Барацьба за праўду: «Хартыю» і беларускіх журналістаў падтрымалі ў Брусэлі
Фота Яраміра Шчэціны

Барацьба за свабоду медый - гэта адзін з найважнейшых выклікаў, перад якімі стаіць сучасны свет.

Канферэнцыя "Барацьба за праўду: свабодная і незалежная журналістыка ў сённяшнім свеце" прайшла 18 кастрычніка ў Еўрапейскім парламенце. Мерапрыемства было арганізаванае групай Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП).

На канферэнцыі выступілі кіраўнік групы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Манфрэд Вэбер, еўрадэпутат ад Гішпаніі, намеснік старшыні групы ЕНП Эстэбан Ганзалез Понс, еўрадэпутат ад Польшчы, чалец Юдычнага камітэта Еўрапарламента Тадэвуш Звефка, былы рэдактар гішпанскай газеты "Эль Паіс" Дэвід Аландэтэ, галоўная рэдактарка беларускага сайта Charter97.org Наталля Радзіна, чалец кабінета еўракамісара ў лічбавай эканоміцы Марыі Габрыэль Мануэль Гоет, вядомы Мальтыйскі журналіст-даследчык, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Мэцью Каруана Галіцыя, сын забітай летась на Мальце журналісткі Дафны Каруаны Галіцыі.

Адкрываючы канферэнцыю, Манфрэд Вэбер заявіў: "Свабода СМІ з'яўляецца фундаментальным правам і умовай, неабходным для функцыянавання дэмакратыі ў Еўропе. Калі журналісты не змогуць рабіць сваю працу, у доўгатэрміновай перспектыве нашы дэмакратыі ўжо не будуць дэмакратыямі. Таму група ЕНП не перастане патрабаваць справядлівасці ў сувязі з гібеллю і пераследам журналістаў".

Удзельнікі канферэнцыі адзначылі ўплыў расейскай прапаганды на краіны постсавецкай прасторы і дзяржавы Еўрапейскага Звязу, а таксама агрэсіўнае ўмяшанне Расеі ў выбарчыя кампаніі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна распавяла пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі і постсавецкіх краінах. З ейных слоў, сёння, ва ўмовах гібрыднай вайны, якую вядзе Расея, сітуацыя ў рэгіёне вельмі цяжкая і патрабуе неадкладнай рэакцыі з боку Захаду.

"На маёй радзіме, у Беларусі, дзе вось ужо 24 гады кіруе дыктатар Лукашэнка, свабода слова знішчаная. Улады кантралююць усе: тэлевізію, радыё, газеты, інтэрнэт. Тыя нешматлікія незалежныя газеты і сайты, якія засталіся ў краіне, працуюць ва ўмовах ціску з боку ўладаў і самацэнзуры", - сказала Наталля Радзіна, пералічыўшы апошнія рэпрэсіі супраць незалежных СМІ: блакаванне сайта “Хартыі-97”, драконаўскія папраўкі ў закон аб СМІ, крымінальныя справы супраць папулярных відэаблогераў, пераслед фрылансераў і журналістаў "Белсата", ператрусы і затрыманні журналістаў БелаПАН і tut.by, ціск на незалежныя СМІ з боку КДБ.

КАНФЕРЭНЦЫЯ "БАРАЦЬБА ЗА ПРАЎДУ: СВАБОДНАЯ І НЕЗАЛЕЖНАЯ ЖУРНАЛІСТЫКА Ў СЁННЯШНІМ СВЕЦЕ”

Цэнзура СМІ сёння дасягнула катастрафічных маштабаў, заявіла яна:

"Свабодны Інтэрнэт сёння адсутнічае ў Расеі, Беларусі, Кітаі, Іране, Азербайджане, Казахстане, Узбекістане, Туркменістане, Таджыкістане. Фактычна палова Еўразіі неўзабаве застанецца без свабоднага слова, бо традыцыйныя медыі там ужо амаль знішчаныя. Што такое краіны без вольнага слова? Гэта жорсткія дыктатуры, забойствы, арышты, катаванні іншадумцаў і, нарэшце, вайна. Таму свабодны заходні свет павінен рэагаваць на парушэнні свабоды слова неадкладна і самым прынцыповым чынам.

Аднак адбываецца адваротнае. Напрыклад, кантакты краін Еўразвязу і ЗША з дыктатарскім рэжымам Беларусі становяцца толькі больш шчыльнымі. Значна ўзрасла фінансавая дапамога Еўразвязу рэжыму Лукашэнкі. У Менск для сустрэчы з дыктатарам прыязджаюць еўрапейскія камісары, там праходзяць міжнародныя канферэнцыі, на якіх практычна не падымаецца тэма парушэнняў правоў чалавека ў самой Беларусі. Дапамога незалежным беларускім СМІ бесперапынна скарачаецца, медыі балансуюць на мяжы закрыцця.

Ствараецца ўражанне, што структуры Еўразвязу сёння падзеленыя на дзве часткі. З аднаго боку, ёсць Еўрапейскі парламент, дэпутаты якога сёння вельмі прынцыпова ставяць пытанне аб парушэнні ў Беларусі свабоды слова і правоў чалавека: за год былі прынятыя дзве рэзалюцыі, якія асуджаюць пераслед апазіцыі і незалежных медый у Беларусі і з патрабаваннем неадкладнага разблакавання сайта Charter97.org. З іншага боку, еўрапейскія чыноўнікі і камісары ігнаруюць патрабаванні еўрапарламентарыяў і, нягледзячы ні на што, супрацоўнічаюць з беларускім рэжымам. А фонды, якія заяўляюць, што займаюцца падтрымкай дэмакратыі, напраўду самым актыўным чынам падтрымліваюць дыктатуры. Атрымаць гранты беларускім незалежным СМІ сёння вельмі цяжка, хоць вядома, што GONGO, якія супрацоўнічаюць з уладай, атрымліваюць іх рэгулярна.

Парадокс у тым, што значнае скарачэнне дапамогі незалежным медыям адбываецца на фоне гучных публічных заяў аб неабходнасці процідзеяння пуцінскай прапагандзе як неад'емнай частцы гібрыднай вайны.

У адзін дзень з "Хартыяй-97” аб сур'ёзных праблемах з фінансаваннем абвясціла расейская "Новая газета". Ва Украіне праз адсутнасць нармальнага фінансавання з цяжкасцю выжывае крымска-татарскі тэлеканал ATR. Азербайджанскі праваабаронца Эмін Гусейнаў паведаміў мне, што дапамога незалежным медыям Азербайджана за апошнія гады скарацілася ў 10 разоў!

Вядучыя незалежныя медыі ў Крыме, Беларусі, Расеі, Азербайджане, Арменіі, Казахстане на мяжы закрыцця ў той час, як вялікія палітыкі і дэмакратычныя фонды крычаць аб барацьбе з пуцінскай прапагандай.

Цягам гэтага года я шмат разоў была ў Еўрапарламенце, пачула шмат слоў падтрымкі, удзячная за ўсе рэзалюцыі, што былі прынятыя. Але цяпер прыйшоў час перайсці ад слоў да дзеянняў. Сёння расейскія ўлады вядуць супраць нашых краін і краін ЕЗ гібрыдную вайну, таксама як і супраць уласнага народа. Калі ў вайсковым плане процідзеянне Пуціну вядзецца, то інфармацыйную частку гэтай вайны Захад сёння бездапаможна саступае", - заявіла Наталля Радзіна.

КАНФЕРЭНЦЫЯ "БАРАЦЬБА ЗА ПРАЎДУ: СВАБОДНАЯ І НЕЗАЛЕЖНАЯ ЖУРНАЛІСТЫКА Ў СЁННЯШНІМ СВЕЦЕ”

Гішпанскі журналіст Дэвід Аландэтэ распавёў, як працуе расейская прапаганда ў Каталоніі. Паводле ягоных слоў, уплыў Расеі на падзеі ў Каталоніі вельмі сур'ёзны. Тэлеканал Russia Today генэруе фальшывыя навіны, затым гэтыя навіны становяцца віруснымі ў сацсетках. Папулярнасць такіх "навін" значна перасягае звычайныя навіны. Каталонскія, расейскія і венесуэльскія старонкі сінхронна распаўсюджваюць дэзінфармацыю.

"Russia Today - гэта не СМІ, гэта зброя. І яны самі прызнаюць гэта", - сказаў Давід Аладэнтэ, спаслаўшыся на цытату расейскай прапагандысткі Маргарыты Сіманьян.

"Спрабаваць сёння развязаць праблему дэзінфармацыі "фактчэкінгам" - гэта як лячыць рак бінтавымі павязкамі. Пасля таго, як навіна апублікаваная, ужо нічога нельга зрабіць. Неабходны сістэмны падыход. Намаганні ў барацьбе з дэзінфармацыяй вельмі і вельмі недафінансаваныя як у ЗША, тая і ў ЕЗ. Трэба распрацаваць новыя законы. Напрыклад, у Нямеччыне пасля ўвядзення законаў супраць дэзінфармацыі, прайшлі выбары, у якіх было даволі мала фальшывых навін”, - заявіў былы рэдактар “Эль Паіс".

Мальтыйскі журналіст-даследчык Мэцью Каруана Галіцыя адзначыў значэнне вяршэнства права і даследчай журналістыкі ў барацьбе з карупцыяй: "Немагчыма падзяліць свабодную журналістыку і барацьбу з карупцыяй. Там, дзе суды залежаць ад уладаў, барацьба з карупцыяй немагчымая".

Дэпутат з Польшчы Тадэвуш Звефка падкрэсліў значэнне праўды для развіцця грамадства:

"Бітва за праўду - гэта бітва за дэмакратыю. Не можа быць дэмакратыі без праўды, і, магчыма, не можа быць праўды без дэмакратыі. Барацьба за свабоду СМІ - гэта адзін з найважнейшых выклікаў сёння, перад якімі стаіць сучасны свет. Мы гаворым не толькі пра свабоду слова, але таксама пра фундаментальнае права на праўдзівую інфармацыю. Роля і вызначэнне журналістыкі застаюцца нязменнымі - пошук праўды, адлюстраванне рэчаіснасці ў форме інфармацыі і дапамога грамадзянам у разуменні ўсё больш складанага свету. Толькі свабодная і незалежная журналістыка можа гарантаваць выкананне гэтай місіі.

Беларусь не з'яўляецца дэмакратычнай краінай. Падтрымка незалежных СМІ, такіх як сайт "Хартыя-97", тэлеканал "Белсат”, Радыё "Рацыя", якія падтрымліваюць дэмакратыю, - гэта наш элементарны абавязак. І ім трэба дапамагаць найперш. Стасункі з палітыкамі ва ўладзе павінны быць на другім месцы. Мы ж у Еўропе часта падтрымліваем рэчы другасныя, якія могуць пачакаць.

Няўрадавыя фонды павінны фінансаваць журналістыку без маніпуляцый, але некаторыя фонды ўводзяць штучныя абмежаванні. Неабходна выпраўляць гэтую сітуацыю. Наш абавязак стварыць такія прававыя інструменты, якія ўзмоцняць незалежнасць і плюралізм СМІ. Калі не будзе свабодных СМІ, сапраўднай журналістыкі, то ў нас не будзе дэмакратыі", - сказаў Тадэвуш Звефка.

СПІКЕРЫ КАНФЕРЭНЦЫІ "БАРАЦЬБА ЗА ПРАЎДУ: СВАБОДНАЯ І НЕЗАЛЕЖНАЯ ЖУРНАЛІСТЫКА Ў СЁННЯШНІМ СВЕЦЕ”

Падчас візіту ў Брусэль Наталля Радзіна здолела расказаць пра блакаванне сайта “Charter97.org” у Беларусі непасрэдна еўракамісару ў пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэсу Хану. Падрабязна сітуацыя ў Беларусі была абмеркаваная з дарадцам еўракамісара Ханнай Янс. Таксама галоўная рэдактарка "Хартыі-97" сустрэлася з кіраўніцай Камітэта ў бяспецы і абароне Еўрапарламента Ганнай Фатыгай, кіраўніком падраздзялення Усходняга партнёрства ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў Рычардам Тыбельсам і еўрадэпутатамі ад Вялікабрытаніі, Швэцыі, Чэхіі і Бэльгіі.

НАТАЛЛЯ РАДЗІНА З ЕЎРАКАМІСАРАМ У ПЫТАННЯХ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ПАЛІТЫКІ СУСЕДСТВА І ПЕРАМОЎ АБ ПАШЫРЭННІ ЁХАНЕСАМ ХАНАМ
ГАЛОЎНАЯ РЭДАКТАРКА CHARTER97.ORG НАТАЛЛЯ РАДЗІНА З ДАРАДЦАЙ ЕЎРАКАМІСАРА Ў ПЫТАННЯХ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ПАЛІТЫКІ СУСЕДСТВА І ПЕРАМОЎ АБ ПАШЫРЭННІ ХАННАЙ ЯНС

Нагадаем, 3 верасня галоўная рэдактарка Наталля Радзіна заявіла пра пагрозу працы сайта «Хартыя-97» праз рэзкае скарачэнне фінансавання і заклікала чытачоў да салідарнасці. Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках