8 лiстапада 2024, Пятніца, 4:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Грошай на сайт «Хартыя-97» выстарчыць максімум да канца года

22
Наталля Радзіна: Грошай на сайт «Хартыя-97» выстарчыць максімум да канца года
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: «ПОЛЬСКАЕ РАДЫЁ»

Чаму незалежныя СМІ знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі?

Грошай на сайт выстарчыць максімум да канца года, паведаміла «Польскаму радыё» галоўная рэдактарка Сharter97.org Наталля Радзіна. Яна заклікае падтрымаць партал.

Рэдакцыя працуе ў Польшчы на запрашэнне Міністэрства замежных спраў, за што «Хартыя-97» удзячная Варшаве, аднак у гэтым годзе была скарочана фінансавая падтрымка з боку міжнародных фондаў, і сітуацыя ў сайта цяжкая.

Рэдакцыя Сharter97.org вымушаная была эміграваць у Польшчу, бо зазнавала рэпрэсіі ў Беларусі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года галоўная рэдактарка сайта Наталля Радзіна і журналісты партала былі арыштаваныя. Пасля гэтага «Хартыя-97» спачатку працавала ў Вільні, а сёння рэдакцыя працуе ў Польшчы і публікуе інфармацыю пра Беларусь, Расею ды Украіну.

Гэта важны лідар грамадскай думкі, які публікуе пункт гледжання апазіцыі і аналітыку незалежных экспэртаў. «Хартыя-97» - костка ў горле не толькі Лукашэнкі, але і Уладзіміра Пуціна, бо аб'ектыўна адлюстроўвае інфармацыю, што тычыцца не толькі сітуацыі ў Беларусі, але і сітуацыі ва Украіне ды Расеі.

Гэта надзвычай важная справа для Беларусі, дзе пануе лукашэнкаўская і крамлёўская прапаганда. Да сённяшняга дня сайт карыстаецца выключна вялікай папулярнасцю, асабліва на фоне іншых СМІ такога кшталту. Таксама «Хартыя-97» ужо вярнула большую частку сваіх чытачоў, якія карыстаюцца рознымі спосабамі абыходу блакавання сайта ў Беларусі.

- У Беларусі могуць адбыцца масавыя пратэсты. І калі Еўропа не будзе ўдзельнічаць у гэтых працэсах, калі Захад не будзе падтрымліваць прадэмакратычныя і праеўрапейскія сілы ў гэтым рэгіёне, то сітуацыяй скарыстаецца Расея. Гэта сур'ёзная пагроза. Сёння ўлады знішчаюць прадэмакратычныя і праеўрапейскія медыі ды арганізацыі. На месца незалежных СМІ, якія закрывае Лукашэнка, прыходзяць расейскія прапагандысцкія медыі.

Мы бачым, што расейская прапаганда акупавала інфармацыйнае поле Беларусі. У краіне працуюць прапуцінскія тэлеканалы і радыёстанцыі, а пасля блакавання «Хартыі-97» вырасла Беларуская аўдыторыя расейскіх сайтаў. Захаванне статусу-кво ў дачыненнях паміж Захадам і Аляксандрам Лукашэнкам нясе сур'ёзныя пагрозы не толькі для Беларусі, але і для бяспекі Еўропы, перасцерагае галоўная рэдактарка Сharter97.org Наталля Радзіна.

- Рэдакцыя «Хартыі-97» зазнала рэпрэсіі ў Беларусі. Вы вымушаныя былі эміграваць пасля таго, як у дзень прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе трапілі ў турму КДБ і Вам пагражаў вялікі тэрмін пазбаўлення волі. У пачатку года «Хартыя-97» была заблакаваная ў Беларусі, затым на ваш адрас пайшлі пагрозы, а цяпер мы чуем пра тое, што сайт знаходзіцца на мяжы выжывання...

- Так, у Сharter97.org сур'ёзныя праблемы. Значна паменшылася фінансавая дапамога. Заходнія фонды адмаўляюць нам у падтрымцы, не тлумачачы прычын, хоць сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі крытычная.

У Беларусі сайт Сharter97.org заблакаваны, але беларусам удаецца абыходзіць блакаванне. Мы не спынілі працу ні на адзін дзень і сёння нам удалося вярнуць палову нашых чытачоў, якія навучыліся заходзіць на наш сайт праз ананімайзэры, проксі і TOR. Раней у нас была велізарная наведвальнасць: 2,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў і 46 мільёнаў праглядаў штомесяц. Усё гэта дэманструе наколькі наш сайт патрэбны людзям.

Сёння нас турбуе «што «Хартыя-97» не атрымлівае падтрымкі, а грошы часта трапляюць у GONGO - фальшывыя дзяржаўныя «недзяржаўныя» арганізацыі, якія ствараюцца спецслужбамі. Незалежныя ж медыі ды арганізацыі, якія сапраўды займаюцца правамі чалавека ў Беларусі, балансуюць на мяжы закрыцця праз малое фінансаванне. У аднаго еўрапейскага фонду ў форме заяўкі на грант у гэтым годзе з'явілася пытанне «як улады паставяцца да рэалізацыі вашага праекта». А як можа паставіцца дыктатарскі рэжым да свабодных і крытычных галасоў?

- Што вы збіраецеся рабіць?

- Мы звярнуліся да нашых чытачоў з просьбай аб фінансавай дапамозе. Вядома, гэтага недастаткова. Але мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто дасылае нам хоць некалькі даляраў, бо я ведаю, наколькі нялёгка жыць сёння беларусам. Аднак нават у такой цяжкай сітуацыі людзі дзеляцца са сваім улюбёным сайтам з цяжкасцю заробленымі грашыма.

- У беларусаў не так шмат незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Апошнім часам праблемы ёсць у інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і партала, які працуе ў Беларусі tut.by. Журналістаў абвінавачваюць у нелегальным доступе да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва. Частка з іх былі затрыманыя і атрымалі забарону на выезд за мяжу.

- Калі заблакавалі «Хартыю-97», мы казалі, што калі не будзе міжнароднай рэакцыі і скаардынаванай акцыі салідарнасці ўсіх незалежных беларускіх СМІ ўнутры краіны, то рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца. Калі заблакавалі сайт Сharter97.org, то і партал tut.by, і БелаПАН (якія ў адрозненні ад «Хартыі-97» дагэтуль працуюць на тэрыторыі Беларусі, а не ў эміграцыі – заўв. Польскага радыё), актыўна нас не падтрымлівалі. А гэта быў тэст. Потым пачаліся рэпрэсіі супраць астатніх.

Мы знаходзімся ў вельмі цяжкай сітуацыі працяглы час. Праблемы з фінансаваннем маюць і іншыя незалежныя СМІ ў рэгіёне: расейская «Новая газета», тэлеканал ATR, які вяшчае на тэрыторыю Крыма. Кіраўнікі незалежных медый Азербайджана паведамілі мне, што дапамога для іх з боку заходніх арганізацый скарацілася ў 10 разоў. Бесперапынна не стае сродкаў у незалежных СМІ Арменіі. Чаму так адбываецца ў той час, калі чыноўнікі на Захадзе кажуць пра нейкую міфічную барацьбу з расейскай прапагандай, рапартуюць, што на гэтую барацьбу нібыта выдаткоўваюцца мільёны еўраў?

«Хартыя-97» паспяхова працуе ўжо 20 гадоў. Чаму мы павінны хадзіць з працягнутай рукой?

- «Хартыя-97» усё яшчэ працуе з Польшчы.

- Мы вельмі ўдзячныя за гэта, дзякуем Міністэрству замежных спраў за тое, што запрасілі нас у Польшчу. Шчаслівыя, што можам тут жыць, працаваць, не баяцца, што нас арыштуюць або распляжаць рэдакцыю, як гэта адбывалася ў Беларусі.

Польшча дапамагае нам з 2011 года. На жаль, толькі польскай дапамогі недастаткова. Думаю, іншыя еўрапейскія дзяржавы таксама маглі б падтрымаць незалежныя беларускія СМІ.

- Цяпер у Беларусі мяняецца заканадаўства аб СМІ.

- Так, найперш гэта тычыцца інтэрнэту. Абавязковай стане рэгістрацыя аўтараў каментароў на сайтах, улады таксама патрабуюць спісы журналістаў, якія размяшчаюць інфармацыю. Беларусаў хочуць пазбавіць магчымасці крытыкаваць улады нават ананімна ў інтэрнэце.

Сёння распачынаюцца крымінальныя справы супраць блогераў, трываюць пераследы журналістаў-фрылансераў, якія працуюць у Беларусі, карэспандэнтаў тэлевізіі «Белсат». Праблемы ёсць у журналістаў, якія працуюць у Беларусі для «Хартыі-97» і «Радыё Рацыя».

- Улетку гэтага года на Ваш адрас пайшлі пагрозы забойства. Раней «Хартыя-97» пераследвалася ў Беларусі, вы трапілі ў турму КДБ. Гэта азначае, што вы павінны вельмі сур'ёзна падыходзіць да пытанняў вашай бяспекі. Што можна зрабіць для вас у гэтай сітуацыі?

- Мы перажывалі розныя сітуацыі, былі і рэпрэсіі, і катаванні, і ціск. Працавалі і без заробку. Для нас гэта місія, абавязак, а не спосаб зарабіць.

Аднак вельмі цяжка працаваць, калі ўвесь час не стае сродкаў. А гэта рэчаіснасць сайта Сharter97.org і незалежных медый у Беларусі.

Хочацца, каб сайт працаваў і далей. Для гэтага нам вельмі патрэбная дапамога чытачоў, праваабаронцаў, грамадскіх дзеячаў, палітыкаў.

Я б хацела звярнуцца да міжнародных арганізацый з просьбай падтрымліваць незалежныя праекты ў Беларусі. Гэта пытанне не толькі маралі і прынцыпаў, але і бяспекі.

- Апошні час Захад надае Беларусі менш увагі. Чаму так адбываецца?

- Гэта слепата, нізкавокасць і абыякавасць. Пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі сёння практычна не ўзгадваецца, на першы план ставіцца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Заходніх палітыкаў, якія сёння прыязджаюць у Беларусь сустракацца з Лукашэнкам, у нас называюць коміваяжорамі. Такая палітыка тлумачыцца тым, што галоўнае сёння не дапусціць дэстабілізацыі Беларусі, каб не атрымаць другой Украіны і гэтак далей.

Аднак Лукашэнка не ў стане ўтрымаць стабільнасць у Беларусі. Ён ніколі не пойдзе на рэформы, хоць у краіне глыбокі эканамічны крызіс. Большасць насельніцтва ненавідзіць дыктатара, які кіруе 24 гады. Усё гэта можа прывесці да масавых пратэстаў у Беларусі, а калі Еўропа не будзе ўдзельнічаць у гэтых працэсах, калі Захад не будзе падтрымліваць прадэмакратычныя і праеўрапейскія сілы ў гэтым рэгіёне, то сітуацыяй скарыстаецца Расея.

Гэта вельмі сур'ёзная пагроза. Улады знішчаюць прадэмакратычныя, праеўрапейскія медыі і арганізацыі, а на іх месца прыходзяць расейскія прапагандысцкія СМІ. Расейская прапаганда акупавала інфармацыйнае поле Беларусі. У краіне працуюць прапуцінскія тэлеканалы і радыёстанцыі, а пасля блакавання «Хартыі-97» - вырасла Беларуская аўдыторыя расейскіх сайтаў.

Захаванне статусу-кво ў дачыненнях паміж Захадам і Лукашэнкам нясе сур'ёзную пагрозу не толькі для Беларусі, але для бяспекі Еўропы.

- Вы галоўная рэдактарка сайта Сharter97.org. Улетку гэтага года вы атрымалі ананімныя пагрозы на свой адрас. Ці ёсць у вас нейкія падазрэнні, хто можа стаяць за гэтым? Можа, за нейкія канкрэтныя артыкулы?

- Цяжка сказаць. Ведаем, што наша праца не падабаецца і беларускім, і расейскім уладам. Мы працуем 16 гадзін на дзень, стараемся аб'ектыўна асвятляць тое, што адбываецца, называем рэчы сваімі імёнамі. Цяжка сказаць, што стала падставай для пагроз. Вядома, яны мараць, каб мы зніклі. Аднак нас шмат і мы будзем далей працаваць. Усім раты не заткнуць.

- Магчыма, хтосьці хацеў бы спытаць вас як практыка, як падтрымаць беларускае незалежнае грамадства?

- Трэба праяўляць цікавасць і разумець, што напраўду адбываецца ў Беларусі, рэальна дапамагаць незалежным медыям, арганізацыям, дэмакратычным сілам.

- Маглі б Вы распавесці пра сябе. Чаму Вы наважыліся на працу ў «Хартыі-97»?

- Гэта было вельмі даўно. Больш за 20 гадоў таму была абвешчаная грамадзянская ініцыятыва «Хартыя-97». Я ведала людзей, якія яе стварылі. Гэта шчырыя, сумленныя, адважныя, таленавітыя, крэатыўныя людзі, якія хочуць і могуць змяніць сітуацыю ў Беларусі. Для гэтага яны гатовыя рызыкаваць жыццём, здароўем, дабрабытам.

Такой шчырасці і самаадданасці, якую я сустрэла ў «Хартыі-97», я раней нідзе не сустракала. Мне захацелася стаць часткай гэтай каманды.

- Як гэта было? Што Вы рабілі ў самым пачатку?

- Спачатку я працавала ў незалежных газетах. Затым іх пачалі закрываць адну за адной. У 2001 годзе я зразумела, што трэба сыходзіць у Інтэрнэт. Газеты трэба рэгістраваць у Міністэрстве інфармацыі і ў кожную хвіліну іх могуць закрыць. Мне не хацелася залежаць ад капрызу чыноўнікаў.

Вядома, праз некалькі гадоў Лукашэнка заняўся і інтэрнэт-сайтамі. Таму мы вымушаныя былі эміграваць у Польшчу і працягваць працу адсюль.

- У 2010 годзе трагічна загінуў стваральнік сайта «Хартыя-97», журналіст Алег Бябенін. Якім ён быў чалавекам?

- Вельмі таленавітым і творчым. Ён гарэў працай, быў у бесперапынным руху. Загуба Алега - велізарная страта. Я сумую па ім дагэтуль. Ведаю, што яго мне будзе не ставаць усё жыццё.

- Вы працуеце штодня з самай раніцы і да ночы, размяшчаеце вялікую колькасць матэрыялаў. Цяжка так працаваць?

- Няпроста. Праз розніцу ў часе мы працуем з 6 раніцы і да 10 вечара. Існуюць змены рэдактараў, але людзей усё адно бракуе.

- Якая Ваша матывацыя? Бо гэта цяжкая праца?

- Трэба давесці справу да канца, бо мы займаемся гэтым ужо 20 гадоў. А акрамя таго, мы ведаем, што ўсе «Хартыі», і польская, і чэхаславацкая, урэшце перамагалі. Упэўненая, што і беларуская «Хартыя» пераможа.

- Мы таксама на гэта спадзяемся.

Нагадаем, 3 верасня галоўная рэдактарка Наталля Радзіна заявіла пра пагрозу працы сайта «Хартыя-97» праз рэзкае скарачэнне фінансавання і заклікала чытачоў да салідарнасці. Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках