Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2018 годзе
21- 31.12.2018, 8:28
- 60,671
Cайт Charter97.org абвяшчае лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2018 год.
Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў гэтым годзе ўзнагароджваюцца:
Леанід Кулакоў
Мужны чалавек, які кінуў выклік сістэме. Таксіст Леанід Кулакоў стаў актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і сёння ўдзельнічае ва ўсіх акцыях пратэсту ў Менску. Яго ўвесь час арыштоўваюць і штрафуюць, але ён нязменна выходзіць на вуліцы абараняць правы беларусаў. Нават калі Леаніду Кулакову зламалі руку ў Курапатах, ён не пакінуў варту ля народнага мемарыяла. Леанід Кулакоў узнагароджваецца ў намінацыі «За асабовую мужнасць».
Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў
Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў знаходзяцца ў авангардзе барацьбы жыхароў Берасця супраць шкоднага акумулятарнага завода. Цягам года ў горадзе штотыдзень праходзяць акцыі пратэсту, і Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў - іх сталыя i нязменныя ўдзельнікі. Блогеры праводзяць расследаванні, якія выкрываюць улады, паказваючы факты карупцыі і крадзяжу. Сёння яны сапраўдныя абаронцы Берасця. Узнагароджваюцца ў дзвюх намінацыях: «За смеласць у творчасці» і «За асабовую мужнасць».
Святлана Коржыч
Смерць у вайсковай частцы ў Печах радавога Аляксандра Коржыча ўзрушыла ўсю краіну і агаліла праўду пра беларускае войска. Здзекі, карупцыя, крадзеж, вымаганне, катаванні і забойствы - усе гэтыя факты сталі вядомыя, бо Святлана Коржыч наважыла змагацца і дамагацца справядлівага расследавання загубы сына. Яна не згодная ні з афіцыйным «расследаваннем», ні з прысудам кішэннага суда, ні з хлуслівым сцвярджэннем, што ейны сын «скончыў жыццё самагубствам». Барацьба гэтай жанчыны за праўду ратуе жыццё іншых шарагоўцаў. Святлана Коржыч узнагароджваецца ў намінацыі «За асабовую мужнасць».
Блогер NEXTA (Сцяпан Святлоў)
Калі ў краіне знішчаюць незалежную журналістыку, эстафету перахопліваюць блогеры. Малады відэаблогер Сцяпан Святлоў, вядомы як NEXTA, стаў сапраўднай з'явай. Ягоныя смелыя і дасціпныя відэаролікі сёння глядзяць мільёны беларусаў. І хоць у краіне супраць блогера распачалі крымінальную справу, NEXTA не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі, высмейваючы калгасную дыктатуру. Сцяпан Святлоў узнагароджваецца ў дзвюх намінацыях: «За смеласць у творчасці» і «За асабовую мужнасць».
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Казулін, Ігар Аліневіч, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Уладзімір Яроменак, Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, спартовец, чэмпіён свету ў Муан-тай Віталь Гуркоў, актывістка Беларускага незалежнага прафзвязу Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону пратэстанцкай царквы "Новае жыццё", старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбка, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Левановіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб'яднанне «Пагоня», Беларускі Свабодны тэатр, музычныя гурты «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і яе лідэр Сяргей Міхалок, «NRM», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Святлана Калінкіна, Анджэй Пачобут, Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронцы Яна Палякова і Таццяна Новікава, лідэр РЭП Генадзь Фядыніч, рэжысёр Антон Цялежнікаў, швэдскія пілоты Томас Мазэцці, Пэр Кромвэл і Ганна Фрэй, палітычныя зняволеныя ў «справе 19 снежня», ініцыятыва «Вызваленне», ініцыятыва «Студэнты супраць», лідэр легендарнага беларускага рок-гурту «Крама» Ігар Варашкевіч, эканаміст Леанід Злотнікаў, былы беларускі палітвязень, адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і арганізацыі «Край» Вадзім Кабанчук, журналіст Ягор Марціновіч, праваабаронца Леанід Судаленка, журналістка «Белсату» Вольга Чайчыц, заснавальнік «Арт-сядзiбы» Павал Белавус, рэжысёрка Вольга Нікалайчык ды іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.