8 лiстапада 2024, Пятніца, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскі тэлеканал TVN 24: Расея выкарыстоўвае блакаванне «Хартыі-97» у сваіх мэтах

11
Польскі тэлеканал TVN 24: Расея выкарыстоўвае блакаванне «Хартыі-97» у сваіх мэтах

Адзін з вядучых польскіх тэлеканалаў зрабіў сюжэт пра сітуацыю ў Беларусі.

Беларускія ўлады заблакавалі доступ да найбуйнейшага незалежнаму навінавага парталу Charter97.org. Падставай стала публікацыя «інфармацыі, якая можа чыніць шкоду інтарэсам дзяржавы». Гэта найбуйнейшы і самы папулярны незалежны партал, які працуе для Беларусі цягам 20 гадоў. Сумарная колькасць месячных праглядаў - больш за 50 мільёнаў, паведамляе польскі тэлеканал TVN 24 (пераклад - Charter97.org).

Першая інфармацыя аб блакаванні партала з'явілася 24 студзеня. На наступны дзень Міністэрства інфармацыі Беларусі паведаміла, што прычынай блакавання стала публікацыя кантэнту, забароненага законам, а затым удакладніла, што гаворка ідзе пра «інфармацыю, якая можа чыніць шкоду інтарэсам дзяржавы».

- Мы не атрымалі ніякіх афіцыйных паведамленняў ад міністэрства інфармацыі ці іншых міністэрстваў, тым больш не было ніякіх судовых пастаноў аб блакаванні нашага партала. Гэтае блакаванне цалкам незаконнае, - заявіла ў інтэрв'ю tvn24.pl галоўная рэдактар парталу «Хартыя-97» Наталля Радзіна.

Страх перад «дармаедамі»

Наталля Радзіна мяркуе, што блакаванне партала Charter97.org адбылася праз тое, што Лукашэнка спалохаўся папулярнасці партала і сацыяльных пратэстаў:

- Эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая. Людзі надзвычай незадаволеныя рэжымам Лукашэнкі. На наступны дзень пасля блакавання сайта Charter97.org беларускі дыктатар прыняў скандальны закон аб «дармаедах», які ў мінулым годзе выклікаў масавыя пратэсты ў Беларусі, - тлумачыць кіраўніца «Хартыі-97».

Згодна з дэкрэтам, асобы, якія фармальна прапрацавалі менш за 183 дні на год, былі абавязаныя выплачваць спецыяльны падатак. Сярод людзей гэты дэкрэт атрымаў назву падатак на «дармаедства».

Паводле звестак «Радыё Свабода», 27 лютага 2017 года супраць гэтага падатку ў Віцебску пратэставала амаль 2 000 чалавек, больш за 1 000 чалавек у Бабруйску і некалькі сотняў у Берасці, Баранавічах і Маладзечне ды іншых гарадах.

Падчас гэтых дэманстрацый з'явіліся лозунгі, якія заклікалі да адстаўкі Лукашэнкі. Дэкрэт аб «дармаедах» быў замарожаны на год. 26 студзеня 2018 года Лукашэнка змяніў правілы - людзі, якія раней лічыліся плацельшчыкамі гэтага падатку, былі вызваленыя ад яго.

Аднак новая рэдакцыя дэкрэта прадугледжвае, што «дармаеды» будуць абавязаныя ў цалкам кампенсаваць выдаткі на паслугі ЖКГ, адукацыю, транспарт і ахову здароўя.

Беларусь пад расейскім пратэктаратам

Неадкладна разблакаваць доступ да сайта Сharter97.org запатрабаваў Харлем Дэзір, прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ, а таксама «Рэпарцёры без межаў». Прадстаўнік «Рэпарцёраў» Ёхан Бір заклікаў умяшацца ў гэтае пытанне еўракамісара Ёханэса Хана, які з візітам наведаў Менск.

«Еўрапейскі Звяз павінен растлумачыць Менску, што разблакаванне вэб-сайта Charter97.org і павага свабоды сродкаў масавай інфармацыі з'яўляюцца бясспрэчнымі ўмовамі для збліжэння з Брусэлем», - цытуе «Хартыя-97» словы прадстаўніка «Рэпарцёраў без межаў».

- Дыктатура ў Беларусі, якая знаходзіцца пад наўпроставым пратэктаратам Расеі - гэта небяспека для заходніх краін, у тым ліку і для Польшчы, - кажа Наталля Радзіна. На думку галоўнай рэдактаркі Charter97.org, менавіта Расея выкарыстоўвае блакаванне незалежных СМІ ў Беларусі.

- Беларусы галоўным чынам глядзяць расейскую тэлевізію, чытаюць расейскую прэсу, а расейскія парталы займаюць дамінантнае становішча ў беларускім Інтэрнэце, - дадала Наталля Радзіна.

20-гадовая барацьба за свабоду слова

Сайт Charter97.org быў заснаваны ў 1998 годзе вядомым журналістам Алегам Бябеніным, які быў забіты ў 2010 годзе. Сайт бярэ сваю назву ад ініцыятывы «Хартыя-97», якая была створаная для абароны правоў чалавека і аб'яднання палітычных сілаў, якія супрацьстаяць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На хвалі арыштаў апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года беларускія спецслужбы распляжылі рэдакцыю ў Менску.

Журналісты партала былі арыштаваныя, а галоўнай рэдактарцы Charter97.org пагражалі 15 гадоў турмы. Дзякуючы дапамозе прыхільнікаў, Наталлі Радзінай удалося з'ехаць у Літву. Цягам пяці апошніх гадоў яна кіруе рэдакцыяй у Варшаве.

Дзякуючы працы 20 журналістаў і тэхнічных спецыялістаў, сумарная колькасць месячных праглядаў cайта сharter97.org - 50 мільёнаў праглядаў. Кожны месяц сайт наведвае блізу 2,5 мільёнаў унікальных карыстальнікаў.

Відэа - тут

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках