27 снежня 2024, Пятніца, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дажынкі або «скрыня Манафорта»

28
Дажынкі або «скрыня Манафорта»

Сэнсацыя!

Выяўляецца, заходнія палітыкі лабіююць інтарэсы злачынных рэжымаў, і не дзе-небудзь, а ў свеце дэмакратыі і павагі правоў чалавека. І не проста так, а за грошы!

Ніколі такога не было, і вось зноў.

Калі б не спецыяльны дарадца Мюлер, ніхто б і падумаць не мог, што такое магчыма. Але гэта ж прыватны выпадак, праўда? Ён жа тычыцца толькі Януковіча? Ах, так, яшчэ і Пуціна. Але з Пуціным ясна. Ён і ёсць полюс зла, а ўсе астатнія небаракі з раскіданага Саюза дзесяцігоддзямі спрабуюць вырвацца з-пад ягонага ўплыву, удаючы дыктатараў і нарокам здзекуючыся з сваіх народаў.

Усе гэтыя лукашэнкі, аліевы, рахмонавы, як і палеглыя ў барацьбе за дэмакратыю Карымаў і Ніязаў, напраўду ўсёй душой – за еўрапейскія вартасці, а іхнія рэжымы – форма барацьбы за гэтыя вартасці.

«Скрыня Манафорта», якую метадычна адмыкае Боб Мюлер, выкіне яшчэ багата дзівосных фактаў і імёнаў, але нічога прынцыпова новага для нас у гэтым не будзе. Схема, якой карыстаўся Манафорт, добра вядомая і выпрабаваная. Проста з з'яўленнем на палітычным рынку велізарнай колькасці брудных грошай і паслуг, гэтая схема стала прыносіць звышпрыбыткі. Самыя вялікія прыбыткі, безумоўна, прыносіць праца на Крэмль, але і іншая дробязь з «кааператыва дыктатараў» спатрэбіцца. Можна ж браць не толькі грашыма, але й пачосткай, або натурай.

Манафорт і Беларусь

Манафорт, трэба аддаць яму належнае, працаваў сур'ёзна і з разгонам. Стварыў шырокую сетку лабістаў, якая ўключае палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў першага шэрагу. Усё гэта ў выпадку з рэжымам Януковіча засланялася высакароднымі мэтамі: дапамагчы Украіне зблізіцца з Еўропай і «адарваць» яе ад Расеі. Нічога не нагадвае?

Не выключана, што шмат хто працаваў у гэтай схеме шчыра, прынамсі на першым этапе, жадаючы лепшай долі для Украіны. Аднак нехаценне Януковіча адрывацца ад Крамля, які дакляраваў яму яшчэ большае асабовае ўзбагачэнне, было настолькі відавочным, што пытанне аб шчырасці адпала само сабой. Лабісцкая схема стала такой, як і задумвалася першапачаткова: цынічнай і разважлівай.

Для каардынацыі дзеянняў лабістаў у Еўропе і ЗША ў Брусэлі быў створаны «Еўрапейскі цэнтр сучаснай Украіны». Стварылі яго людзі Януковіча, з дапамогай еўрапейскіх памагатых, але працаваў ён пад кантролем і кіраўніцтвам Манафорта. Прагрэсіўная назва, добрае фінансаванне, у тым ліку і за кошт украінскіх алігархаў, і вось ужо PR-кампанія кодла Януковіча мае еўрапейскую рэгістрацыю.

Зноў-такі, нічога не нагадвае? Задоўга да ўкраінскага цэнтра ў Брусэлі з'явілася «Кантора за дэмакратычную Беларусь», прафінансаваная некалькімі паважанымі фондамі з дэмакратычных дзяржаў. «Кантора» надта і не хавала сваёй сімпатыі да рэжыму Лукашэнкі, а канчаткова ўдала сябе пасля выбараў 2010 года. Улады робяць бясчынства, сотні людзей у турмах, а брусэльская кантора актыўна лабіюе рэжым. Яна існуе і дагэтуль, і вельмі паслядоўная ў сваім адбельванні рэжыму пры фінансавай падтрымцы Захаду. Але нікога гэта не цікавіць. Змагацца трэба з Манафортам, Януковічам і, вядома, з Пуціным.

З апошніх сэнсацый «скрыні Манафорта» - Габсбуржская група. Выяўляецца былыя, а можа і не толькі былыя, першыя асобы Еўропы працавалі на Манафорта ў інтарэсах кодла Януковіча. Сюрпрыз! Быццам не было Шродэра і Бэрлусконі, якія публічна лабіююць Пуціна са сваіх высокіх пасад і не забываюць добрым словам і сяброўскім паляпваннем згадаць і Лукашэнку, і іншых змоўшчыкаў.

Сваю VIP групу Манафорт назваў «Гапсбургамі». Менавіта так, праз «п», выкарыстаўшы альтэрнатыўнае напісанне вядомага роду. Лукашэнкавы лабісты – з іншай катэгорыі. Габсбургі яму паводле рангу не належаць. Яго абслугоўваюць болей заўсёднікі Дажынак. Такое раённае начальства з апухлымі ад думак пысамі. Таксама ні для каго не сакрэт. Адным з прыкладаў такіх «Дажынак» даўно ўжо з'яўляецца Jamestown Foundation, які самазабыўна хлусіць аб росквіце рэжыму і радыкальнай апазіцыі ў Беларусі.

Шчыра кажучы, неяк нават няёмка аналізаваць схемы і чынных выканаўцаў лобі Лукашэнкі ў Еўропе і ЗША. Яны настолькі відавочныя, а апошнім часам працуюць настолькі нахабна і публічна, што слова «аналіз» тут проста недарэчнае. Больш пасуе «пратакол».

Як гэта працуе

А пратакаляваць ёсць што. Схемы цынічнага міжнароднага лабіявання рэжымаў абапіраюцца на надзейных фальшывых прадстаўнікоў апазіцыі, аналітычных цэнтраў, незалежных мэдый, сацыёлагаў, грамадзянскай супольнасці ўнутры той ці іншай дыктатуры. Тут рэжым Лукашэнкі здабыў поспех. Прычым самымі бруднымі метадамі – шантажом, запалохваннем, пагрозамі, подкупам (у рэдкіх выпадках ад прагнасці) - рэжым здалеў стварыць прыкметную хлуслівую купку, якая паслухмяна абслугоўвае злачынцаў ва ўладзе. Называйся ліберальным або дэмакратычным, або праваабарончым, альбо незалежным выданнем – і наперад, у Еўропу.

Еўрапейскіх лабістаў не цікавіць рэальная сітуацыя ў Беларусі, але яны маюць патрэбу ў тым, каб іхнюю хлусню аб дэмакратыі Лукашэнкі хтосьці пацвярджаў. Вось тут і выклікаюць фальшывак з Беларусі.

Найвышэйшай прадстаўніцы ЕЗ Фэдэрыцы Магерыні нават і не собіла запрасіць, напрыклад, Мікалая Статкевіча і пацікавіцца, чаму раптам на межах Еўразвязу летась выбухнулі самыя масавыя пратэсты з часоў «перабудовы» і чаму зноў улада азвярэла. Ці запытацца ў Генадзя Фядыніча, што гэта за вар'яцкая спецаперацыя супраць незалежных прафзвязаў? І як можна дапамагчы? Можа, аднавіць санкцыі? Ёй гэта не цікава, бо Манафорт. Затое «Дажынкі» з радасным вуркатаннем адпрацавалі ў еўропах і амэрыках усіх сваіх імітатараў, якія паслухмяна распавядалі пра «гаранта незалежнасці» Лукашэнку, пра ягоную барацьбу з пуцінскім рэжымам, пра шкоду санкцый.

Дарэчы, з падачы спецслужбаў Лукашэнкі «Дажынкі» і ўнутраныя фальшыўкі даўно ўжо дамовіліся аб тэрміналогіі і базісных прынцыпах лабіявання.

Па-першае, Лукашэнку можна называць толькі «аўтарытарным кіраўніком», ніяк не «дыктатарам». З дыктатарам жа дэмакратычным краінам даводзіцца змагацца, або міжволі паказваць барацьбу. Іншая рэч – аўтакрат. Такое мілае непаразуменне, якое вось-вось зразумее, якое шчасце - дэмакратыя.

Па-другое, нават пад катаваннямі не прызнавацца, што ніякай падтрымкі ў Беларусі Лукашэнка не мае ўжо больш за 20 гадоў. Трэба казаць, што ён у кожным выпадку перамог бы нават на самых сумленных выбарах, што народ гуртам за яго, што ён моцны палітык.

Усё астатняе – вытворнае ад гэтых двух пастулатаў. «Дажынкі» і фальшыўкі вельмі любяць разважаць аб слабасці і раз’яднанасці апазіцыі, быццам не яны значна паспрыялі таму, каб загнаць апазіцыю ў такі стан. Яшчэ любяць казаць аб патрэбе захоўваць стабільнасць у Беларусі, нібыта падмурку стабільнасці ў рэгіёне. Дзіўна, але нават пасля пагрозлівых з для Еўропы манеўраў Захад-2017, «Дажынкі» далей ідуць гэтай дарогай, падважваючы сваю ж бяспеку.

Мюлер для Еўропы

Сэнсацыйнасць «справы Манафорта» ў тым, што Робэрт Мюлер паслядоўна і сістэмна выкрывае схему лабіявання злачынцаў у заходнім свеце, прасцей кажучы – схему падважвання бяспекі Захаду. Заходняя прэса актыўна піша пра Манафорта, але неяк не спяшаецца выкрываць такія ж лабісцкія болькі ў Еўропе. А іх толькі ў дачыненні да Беларусі дастаткова.

Мабыць, пара і ў Еўропе задумацца аб сваім спецыяльным расследаванні невытлумачальнай любові да дыктатараў. Проста пацікавіцца, чаму нястомная барацьба за дэмакратыю і правы чалавека, на якую выдаткоўваюцца велізарныя сродкі грамадзян Еўропы, прычыняецца да росквіту ды памнажэння дыктатараў і дыктатур.

Можа, тады стане ясна, чаму былы генеральны сакратар NATO Расмусэн раптам стаў настойліва прапаноўваць прысутнасць лукашэнкавых «міратворцаў» на Данбасе.

Або чаму таварыш камісар Ган наогул не рэагуе на ліст галоўнай рэдактаркі Хартыі-97 Наталлі Радзінай аб недапушчальнасці блакавання незалежных мэдый у Беларусі. Ліст, які падтрыманы і падпісаны, дарэчы, лідарамі беларускай апазіцыі.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках