8 лiстапада 2024, Пятніца, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Лукашэнку варта было б зняць самога сябе

52
Юры Хашчавацкі: Лукашэнку варта было б зняць самога сябе

Дыктатар займаецца «неўратычным тузаннем».

Сёння Лукашэнка зняў Якубовіча, Давыдзьку і Казіятку з пасадаў кіраўнікоў галоўных дзяржаўных СМІ. Што стаіць за адстаўкамі прапагандыстаў? На гэтае пытанне Charter97.org адказвае вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі:

- Калі я даведаўся гэтую навіну, першай думкай было: Павел Якубовіч на год старэйшы за мяне (Юрыю Хашчавацкаму 70 гадоў - рэд.), пара б і на пенсію. Але рэч у тым, што і Генадзь Давыдзька, і Юры Казіятка - людзі маладзейшыя, іх неяк рана з абоймы вымаць. А тут звольнены проста ўвесь «Клуб рэдактараў».

Відавочна, Лукашэнка зразумеў галоўную рэч: тая сіла, з дапамогай якой ён цісне на народ, пачынае слабець. Сіла прапаганды растае за кошт таго, што людзі перасталі глядзець тэлевізар, чытаць афіцыйныя СМІ, усё больш і больш шукаюць інфармацыі ў інтэрнэце на незалежных сайтах.

Прапагандысцкі эфект ад працы гэтых хлопцаў - Якубовіча, Давыдзькі, Казіяткі - увесь час змяншаўся. У сваёй інфармацыйнай вайне яны зазналі паразу. Відавочна, што іх уладкуюць кудысьці працаваць накшталт «сэнатараў» або нечага такоўскага, але для важных задач яны ўжо не пасуюць.

У больш шырокім разуменні сутнасць гэтых перастановак можна звесці да наступнага: што б Лукашэнка ні рабіў, ён не робіць галоўнага. Найперш ён павінен быў зняць самога сябе. Замест гэтага правадыр звыкла займаецца неўратычнай «тузанінай».

А падставы нервавацца ў яго ёсць. Гэтыя гучныя адстаўкі храналагічна супалі з блакаваннем «Хартыі-97». Цалкам відавочна, што на прапагандысцкім фронце перамены адбываюцца не на карысць Лукашэнкі. Відаць, што яго гэта вельмі турбуе.

А ці ёсць у яго выхад? Ну, прыйдуць цяпер у «Клуб рэдактараў» маладзейшыя. Пачнуць як бы «наводзіць парадак». У чым будзе гэты «парадак»? «Советская Белоруссия» пачне называцца «Антисоветская Белоруссия»? Не. Усё застанецца па-ранейшаму. Таму што галоўная мэта рэжыму Лукашэнкі - не развіць краіну, а банальна ўтрымаць сябе ў крэсле.

А што да Якубовіча, Давыдзькі і Казіяткі - цяпер яны «рэч, былая ў выкарыстанні». Іх «выкарысталі» і злілі ва ўнітаз. Гэта зусім натуральны лёс абсалютна ўсіх прапагандыстаў. Хтосьці ўжо пажартаваў: паедуць цяпер да Аляксандра Зімоўскага. Можа, і не паедуць – напраўду гэта ўсё роўна. Важна, што людзі такога калібру застануцца пагарджаныя беларусамі, і штамп «прапагандыста» застанецца на іх назаўжды.

- Ці звязаныя адстаўкі з блакаваннем Charter97.org?

- На мой погляд, сувязь прасочваецца абсалютная. Гэтыя адстаўкі азначаюць, што на прапагандысцкім фронце адбываюцца працэсы, якія Лукашэнку не задавальняюць. Відавочна, што незалежныя сайты, сярод іх «Хартыя-97», настолькі ўзмацнілі свой аўтарытэт у грамадстве (а аўтарытэт афіцыйных СМІ настолькі абрынуўся), што трэба прымаць нейкія захады. Я думаю, гэта ўсё ўзаемазвязана. Гэта бакі аднаго і таго ж медаля. Абедзве падзеі адбыліся ў рамках аднаго і таго ж зыходнага ад улады імпульсу.

Незадоўга перад адстаўкай галоўных прапагандыстаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч казаў пра тое, што трэба ўзмацніць «працу» у інтэрнэце і сацыяльных сетках. Цалкам відавочна, што ўладу не задавальняе становішча на інфармацыйным полі. Прасцей кажучы (і гэта не камплімент) праца нашых незалежных сайтаў, у першую чаргу «Хартыі-97», не прайшла дарма, і яны пачынаюць перамагаць. Гэтыя адстаўкі - адная з перамог на інфармацыйным фронце. І гэта вельмі і вельмі важна.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках