26 снежня 2024, Чацвер, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента: Свабода Беларусі не павінна быць закладніцай стасункаў паміж Еўразвязам і Расеяй

8
Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента: Свабода Беларусі не павінна быць закладніцай стасункаў паміж Еўразвязам і Расеяй
РАМОН ЛУІС ВАЛЬКАРСЕЛЬ

Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Рамон Луіс Валькарсель заклікаў ЕЗ падтрымаць сайт «Хартыя-97».

Выступаючы на канферэнцыі «Беларусь 2018: галасы грамадзянскай супольнасці», якая прайшла 5 чэрвеня, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Рамон Луіс Валькарсель параўнаў метады рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі з прыёмамі працы дзяржавы «Вялікага брата» ў рамане Джорджа Оруэла «1984». Віцэ-прэзідэнт казаў пра новыя формы цэнзуры дваццаць першага стагоддзя і пра важнасць падтрымкі незалежных СМІ ў Беларусі.

Сайт Charter97.org прыводзіць тэкст выступу віцэ-прэзідэнта Еўрапарламента цалкам:

– «Вялікі брат» глядзіць на цябе, аналізуе кожны твой крок, слухае ўсё, што ты кажаш і з кім ты гаворыш, пісаў Оруэл у сваім рамане, які здаваўся нам фантастыкай.

Беларусы не могуць свабодна выказваць свае думкі, і сцвярджаць адваротнае было б няпраўдай. На вуліцах Менска, дзе КДБ прадаўжае працаваць у поўную сілу, замест спрэчак можна пачуць шэпт, а ў горшых выпадках – маўчанне.

Неабходна прыняць рэальнасць такой, якая яна ёсць. Чаму? Таму, што адна з слабасцяў вонкавай палітыкі ЕЗ за апошнія гады – гэта няздольнасць назваць рэчы сваімі імёнамі. Агаворкі толькі падрываюць наш уплыў ва «Усходнім партнёрстве» і надаюць сілы тым, хто не паважае еўрапейскія каштоўнасці.

Таму мне хацелася б папрасіць у вас прабачэння. Прашу прабачэння, напрыклад, за словы «кіраваная дэмакратыя». Правільней было б сказаць «дыктатура». Мова з'яўляецца асновай для дзеянняў, і дзеянні немагчымыя без правільнай тэрміналогіі. І мова, самі словы – гэта зародкі пераменаў. У Беларусі перамены азначаюць заканчэнне пераходу ад закрытага аўтарытарнага рэжыму да дэмакратыі. Гэты пераход павінен быў закончыцца яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя.

Слова – гэта самая магутная зброя дэмакратаў для абароны свабоды. І «Вялікі брат» ведае пра гэта. Таму цэнзура – гэта шчыт, якім ён спрабуе пакінуць свабоду. Мы дапускаем памылку, калі не хочам зразумець, што цэнзура можа адаптавацца і прымаць розныя формы, а не толькі адну.

Да лепшага ці да горшага, але Беларусь дакладна інавацыйная краіна. Да лепшага, калі выяўляецца творчы патэнцыял яе грамадзянаў, напрыклад у Свабодным тэатры або ў паспяховай распрацоўцы дадатку «Вайбер» – важнага дасягнення на постсавецкай прасторы. І да горшага, калі ўлады дэманструюць няспынную апантанасць у ціску ўсіх магчымых формаў творчасці.

«Вялікі брат» (беларускія ўлады) імкнецца да абсалютнага кантролю свядомасці кожнага беларуса: усіх думак, страхаў, жаданняў, сноў. І хоць, на шчасце, ён не ў стане дасягнуць гэтай мэты, ён звяртаецца да ўсё больш выдасканаленых прыёмаў. Разумеючы, што зняволенне ў турму выглядае непрыгожа, ён прыдумаў прымусовае псіхіятрычнае лячэнне тых, хто адмаўляецца замаўчаць.

Больш за тое, рэжым Лукашэнкі выразна даў зразумець, што калі і заставалася хоць нейкая прастора для свабоды выказвання ў Беларусі, то яна была толькі ў інтэрнэце. Таму, папраўкі ў закон аб СМІ – гэта не выпадковасць, бо яны накіраваныя на тое, каб нават мабільны тэлефон перастаў быць сховішчам і месцам, дзе можна было схавацца ад рэальнасці.

Блакаванне незалежных сайтаў, як «Хартыя-97», адпавядае мэце «Вялікага брата» (беларускай дзяржавы) – адаптавацца да сучаснасці. Мадэрнізацыя рэпрэсій – вось у чым сутнасць Лукашэнкі.

Мы пераходзім ад эпохі дэзінфармацыі да эпохі наўмысна стваранага змешвання паняццяў. Аўтарытарныя рэжымы ўжываюць усе больш выдасканаленыя прыёмы, каб забяспечыць рэпрэсіі і пры сучасных формах камунікацый. Той факт, што гэтыя прыёмы амаль празрыстыя, значна ўскладняе магчымасць дзеянняў, напрыклад, з боку Еўрапейскага Звязу. Падобна на тое, пераход рэпрэсій у лічбавую сферу заспеў нас знянацку. А яшчэ здаецца, што для таго, каб адбыліся дзеянні, неабходныя забойствы журналістаў.

Мы не забудземся пра тое, што забойства заснавальніка «Хартыі-97» Алега Бябеніна ніколі не было расследаванае. Але мы таксама ніколі не павінны забывацца і пра тое, што тыя, хто прадаўжае ягоную працу, і ў цэлым усе беларускія журналісты, зазнаюць рэпрэсіі, якія моцна абцяжарваюць іхнія жыцця. Таму тыя з нас, хто верыць у свабоду, павінны тэрмінова мадэрнізаваць нашы стандарты абароны правоў чалавека і, калі неабходна, пашырыць іх на лічбавую сферу.

Свабода Беларусі не павінна быць закладніцай стасункаў паміж Еўразвязам і Расеяй. У той час як большасць традыцыйных СМІ знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, інтэрнэт заставаўся апошняй надзеяй тых, хто змагаецца за свабоду пры дапамозе слова як адзінага зброі.

Еўрапейскі Звяз заўсёды выбудоўваў і павінен надалей выбудоўваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі, зыходзячы з інтарэсаў людзей. Асабліва калі мы выконваем сваю частку дамовы і знялі санкцыі ў абмен на прагрэс у галіне правоў чалавека. І хоць некаторы нясмелы прагрэс меў месца, уціск свабоднай прэсы захіляе ўсё астатняе. Не кажучы ўжо пра смяротнае пакаранне. Не было ні мараторыя, ні скасавання. І на дварэ ўжо 2018 год.

Многія грамадзяне Беларусі падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці. І калі ў Еўразвязе вераць у ролю свабоднай інфармацыі пры пабудове свабоднага грамадства, мы павінны безумоўна падтрымаць свабоду прэсы. Таму што дэмакратызацыя немагчымая без свабоднай інфармацыі, і ў Беларусі не можа быць свабоднай інфармацыі без журналістаў.

Сапраўды таксама Еўрапейскі Звяз не можа і не павінен пакідаць тых беларусаў, якія хочуць жыць у больш свабоднай і дэмакратычнай краіне; ЕЗ не можа заплюшчваць вочы на новыя акты рэпрэсій і цэнзуры, якімі б выдасканаленымі яны ні былі.

Такім чынам, на заканчэнне я хачу паўтарыць тое, што я ўжо пісаў у Еўракамісію пасля блакавання сайта «Хартыя-97»: калі сёння мы не абаронім свабоду прэсы ў Беларусі, то можа прыйсці час, калі ў краіне не застанецца свабодаў, якія можна было б абараняць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках