Еўрадэпутаты патрабуюць неадкладна разблакаваць сайт «Хартыя-97» у Беларусі
18- 8.06.2018, 14:42
- 38,261
Галоўная рэдактарка Charter97.org правяла шэраг сустрэч у Еўрапарламенце.
Цягам чатырох дзён, з 4 да 7 чэрвеня, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна правяла шэраг двухбаковых сустрэч з дэпутатамі Еўрапарламента. На сустрэчах абмяркоўваліся блакаванне Charter97.org, новыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія ўзмацняюць цэнзуру ў інтэрнэце, пераслед журналістаў і відэа-блогераў, пагаршэнне сітуацыі са свабодай слова і нарастальная пагроза ад расейскай прапаганды.
Наталля Радзіна сустрэлася з кіраўніцай Камітэта бяспекі і абароны Ганнай Фатыгай (Польшча), намесніцай кіраўніка Камітэта бяспекі і абароне Клэр Мудзі (Вялікая Брытанія), намеснікам кіраўніка Камітэта правоў чалавека Крысціянам Прэда (Румынія), кіраўніцай дэлегацыі ў Еўранэсце Рэбекай Хармс (Нямеччына), еўрадэпутатамі Эльмарам Брокам (Нямеччына), Міхаэлем Гахлерам (Нямеччына), Космай Златоўскім (Польшча), Індрэкам Тарандам (Эстонія), Пятрасам Аштравічусам (Літва), Бронісам Ропе (Літва), Джулі Вард (Вялікая Брытанія), кіраўніком падраздзялення Усходняга партнёрства ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў Дзіркам Шубелем, прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў, фондаў і журналістамі. Акрамя гэтага, Наталля Радзіна ўзяла ўдзел у канферэнцыі «Беларусь 2018: галасы грамадзянскай супольнасці», арганізаванай фракцыяй Еўрапейскай Народнай Партыі ў Еўрапарламенце.
«Дэпутаты Еўрапарламента маюць намер дамагацца выканання нядаўна прынятай імі рэзалюцыі аб Беларусі, у якой адзначалася пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і свабоды слова ў Беларусі, змяшчалася патрабаванне неадкладна разблакаваць сайт Charter97.org, а таксама заяўлялася аб неабходнасці паставіць дачыненні ЕЗ і Беларусі ў залежнасць ад выканання рэжымам Лукашэнкі правоў чалавека.
Еўрапарламентарыі вельмі крытычна ставяцца да палітыкі еўрапейскіх камісараў у дачыненні да Беларусі. Нагадаем, вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ўа замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні супольна з рэжымам Лукашэнкі запускае кампанію пад назвай «Разам зменім жыццё да лепшага», а 21 чэрвеня ў Менск прыязджае еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханэс Хан, а таксама камісар у лічбавай эканоміцы і грамадству Марыя Габрыэль.
Ваяжы еўрапейскіх камісараў у Беларусь выклікаюць здзіўленне еўрадэпутатаў. Многія выказвалі абурэнне тым фактам, што два еўрапейскія чыноўнікі высокага рангу прыбудуць з афіцыйным візітам у Беларусь у той самы час, калі ў краіне прадаўжаецца блакаванне «Хартыі-97» і ўзмацняюцца рэпрэсіі супраць журналістаў. Еўрадэпутаты маюць намер дамагчыся ад еўракамісараў, каб на сустрэчах з афіцыйнымі асобамі яны паднялі праблемныя пытанні і заклікалі ўлады Беларусі неадкладна разблакаваць Chаrter97.org і спыніць наступ на правы чалавека і свабоду слова. Як заявіла кіраўніца Камітэта бяспекі і абароны Ганна Фатыга, цяпер не час для крытычнага ўзаемадзеяння з беларускімі ўладамі, прыйшоў час націснуць на рэжым», - сказала Наталля Радзіна.