Зачыстка звязаная з падрыхтоўкай Расеі да акупацыі Беларусі?
38- Наталля Радзіна
- 7.08.2018, 13:51
- 92,737
У ціску на СМІ зацікаўлены асабіста Лукашэнка.
Ператрусы ў беларускіх СМІ могуць быць зачысткай інфармацыйнай прасторы краіны ў рамках падрыхтоўкі Расеі да акупацыі Беларусі. Такое меркаванне ў каментары выданню «Гордон» выказала галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна.
«Рабіць высновы пакуль рана, але практыка паказвае, што часцей за ўсё журналістаў у Беларусі пераследуюць паводле палітычных матываў. Калі заблакавалі сайт «Хартыя-97», я папярэджвала, што гэта толькі пачатак і рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў прадоўжацца. Так і адбылося. Былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія зрабілі яшчэ больш жорсткай цэнзуру. Пачаўся пераслед журналістаў-фрылансераў, якія працуюць у Беларусі на замежныя СМІ. Таксама распачыналіся крымінальныя справы супраць блогераў. І вось цяпер праходзяць ператрусы ў офісах Tut.by і БелаПАН. Мне цяжка назваць іх апазіцыйнымі, але, відавочна, што ідзе канчатковая зачыстка інфармацыйнага поля Беларусі. Калі заблакавалі «Хартыю-97», гэтыя выданні не прадэманстравалі сваю салідарнасць. І вось патрапілі ў такую ж сітуацыю самі. Але мы гатовыя іх падтрымаць», - адзначыла Радзіна.
Паводле яе слоў, у ціску на СМІ зацікаўлены і Аляксандр Лукашэнка. «Сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі катастрафічная. Нагода для ператрусу ў СМІ заўсёды знойдзецца. Гэта ж недзяржаўныя выданні. Наогул, трэба разумець, што рэжым Лукашэнкі ў краіне не карыстаецца ніякай папулярнасцю. Таму такія крокі могуць быць спробай захаваць статус-кво, захаваць дыктатуру, якая развальваецца. Таксама не выключаныя дзеянні з боку Масквы. Зачыстка беларускай інфармацыйнай прасторы можа быць звязаная з падрыхтоўкай Расеі да акупацыі Беларусі», - рэзюмавала Радзіна.
7 жніўня прэс-служба Следчага камітэта Беларусі паведаміла пра затрыманне галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай, рэдактаркі навінаў таго ж выдання Ганны Калтыгінай і журналісткі агенцтва БелаПАН Таццяны Каравянковай. Іх падазраюць у несанкцыянаваным доступе да звестак дзяржаўнага беларускага інфармагенцтва БЕЛТА. Паводле звестак «Радыё Свабода», сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю Tut.by а 7.00. Яны ачапілі некалькі паверхаў бізнэс-цэнтра Omega Tower у Менску, у якім знаходзіцца рэдакцыя. Са слоў відавочцаў, у супрацоўнікаў адбіраюць дакументы, некалькі чалавек выклікалі на допыт у Следчы камітэт. У агенцтве БелаПАН таксама пачаліся ператрусы. Следчыя дзеянні былі праведзеныя і ў доме журналісткі гэтага выдання Таццяны Каравянковай.