Справу аб забароне шэсця ў падтрымку «Хартыі-97» разгледзяць у ААН
1- 28.09.2018, 14:08
- 29,452
Леанід Судаленка заявіў, што падае ўнікальную скаргу.
28 верасня прадстаўнікі незалежнага прафзвязу РЭП у Гомелі Віктар Казлоў і Леанід Судаленка падалі супольную скаргу ў Камітэт ААН у правах чалавека (КПЧ ААН), паведамляе «Гомельская весна».
У паведамленні размова ідзе аб забароне 17 лютага гэтага года ў Гомелі вулічнага шэсця, якое планавалася правесці з мэтай выказвання пратэсту супраць блакавання міністэрствам інфармацыі незалежнага інтэрнэт-выдання «Хартыя-97».
Прычынай забароны мірнага сходу чыноўнікі гарвыканкама назвалі неадпаведнасць заяўленага месца правядзення вулічнага шэсця (пешаходная частка вуліцы Савецкая) патрабаванням артыкула 9 Закона «Аб масавых мерапрыемствах», маючы на ўвазе, што па маршруце шэсця размешчаны будынак гарвыканкама. Акрамя таго, намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атаманчук растлумачыў, што адзін з заяўнікаў - Л. Судаленка раней прыцягваўся да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, маючы на ўвазе ягоны ўдзел у акцыі пратэсту «дармаедаў» 17 лютага 2017 года.
Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што яны падаюць у Камітэт ААН у правах чалавека ўнікальны кейс аб забароне мірнага сходу з прычыны ягонага ўдзелу летась у несанкцыянаваным уладамі масавым мерапрыемстве.
«Абсурднасць сітуацыі нават не ў тым, што такое непаразуменне прапісанае ў беларускім законе, унікальнасць зыходзіць з практыкі - на сходы ў краіне накладзенае фактычнае табу, а калі грамадзянін удзельнічае ў несанкцыянаванай акцыі, яго пераследуюць адміністрацыйнымі санкцыямі. А раз раней прыцягваўся, значыць, не маеш права, і так па колу», - каментуе абсурд беларускіх заканадаўцаў праваабаронца.
Ён таксама ўспомніў заяву старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы пра тое, што беларускі ўрад жадае скараціць колькасць скаргаў беларускіх грамадзян у КПЧ ААН.
«Валянцін Алегавіч! У вас была магчымасць апратэставаць гэтую справу, зрэшты, скаргу мы на ваша імя падавалі, аднак ваша намесніца Жанна Шкурдзюк не знайшла для гэтага падстаў. Калі ў пачатку года вы кажаце адно, а ў канцы робіце іншае, хіба гэта паменшыць колькасць скаргаў з Беларусі ў КПЧ ААН», - заявіў Л. Судаленка ў завочнай палеміцы са старшынём Вярхоўнага суда.
Праваабаронца адзначыў, што цяпер у КПЧ ААН усяго зарэгістравана 282 паведамленняў з Беларусі. Штогод тут рэгіструецца амаль 20 паведамленняў, прымаецца дзесьці 10 пастаноў, у якіх фіксуюцца тыя ці іншыя грамадзянскія і палітычныя правы беларускіх грамадзян.
Беларусь уваходзіць у лік лідараў у колькасці скаргаў у КПЧ ААН. Гэта, са слоў экспэрта, тлумачыцца ў першую чаргу недаступнасцю для беларусаў Еўрапейскага Суда ў правах чалавека. Прэтэнзіі беларускіх грамадзян у КПЧ ААН хвалююць не толькі старшыню Вярхоўнага суда, іх вывучэнне і магчымае выкарыстанне беларускі ўрад уключыў у Нацыянальны план правоў чалавека на 2016-2019 гады.
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»
- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS
- Памяняйце DNS на сваім кампутары і чытайце Хартыю
- Чытайце «Хартыю-97» у сацыяльных сетках
19 красавіка так званая «палата прадстаўнікоў» прыняла скандальныя папраўкі да закона аб СМІ, якія канчаткова знішчаюць свабоду слова ў Беларусі. Папраўкі ўводзяць абавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў навін. Уладальнікі і рэпарцёры не зарэгістраваных інтэрнэт-рэсурсаў не прызнаюцца журналістамі, не маюць права на атрыманне і абарону крыніцы інфармацыі, а пры з'яўленні на масавых акцыях прыраўноўваюцца да дэманстрантаў.
Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія размяшчаюць матэрыялы ці каментары на форумах, у інтэрнэт-рэсурсах». Гэта значыць, рэдактараў інтэрнет-СМІ, якія працуюць у Беларусі, будуць прымушаць здаваць спецслужбам звесткі сваіх журналістаў і чытачоў, якія каментуюць артыкулы. Дапускаецца магчымасць блакавання сацыяльных сетак і абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў у пазасудовым парадку.
Экспэрты назвалі гэтыя папраўкі «ўдарам па незалежнай журналістыцы» і «новым закручваннем гаек».