АБСЕ не прызнала «выбары» ў Беларусі
79- 18.11.2019, 15:07
- 107,664
(абноўлена) Яны не адпавядалі міжнародным нормам.
Міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ мяркуюць, што парламенцкія «выбары» ў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў, паведамляе tut.by.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла Спецыяльная каардынатарка АБСЕ Маргарэт Седэрфельт.
- Асноўныя свабоды не выконваліся, а аб'ектыўнасць выбарчага працэсу не была належным чынам гарантаваная на датэрміновых парламенцкіх выбарах у Беларусі, нягледзячы на павелічэнне колькасці зарэгістраваных кандыдатаў, - да такой высновы прыйшлі міжнародныя назіральнікі ў сваёй папярэдняй заяве.
Спецыяльная каардынатарка АБСЕ Маргарэт Седэрфельт заявіла, што так званыя выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы, але не адпавядалі важным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў.
- Мы адзначылі агульнае грэбаванне асноватворнымі свабодамі самавыяўлення, сходаў і асацыяцый. Акрамя таго, мы адзначылі, што вялікая колькасць кандыдатаў падалі заяўкі на ўдзел у «выбарах», але іх удзел абмежавалі. Гэтыя «выбары» прадэманстравалі поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў. У дзяржаве, дзе паўнамоцтвы і незалежнасць «парламенту» абмежаваныя, а асноўныя свабоды як выбаршчыкаў, так і кандыдатаў ушчамляюць, існуе небяспека ператварэння парламенцкіх «выбараў» у фармальнасць, - заявіла Седэрфельт.
Прадстаўнікі АБСЕ чарговым разам прыйшлі да высновы, што прававая база Беларусі не гарантуе дэмакратычныя «выбары». Пасля мінулых «выбараў» былі прынятыя пэўныя намаганні ў змене выбарчага заканадаўства, але ніякіх канкрэтных крокаў беларуская ўлада не зрабіла.
- Нашы папярэднія рэкамендацыі ў змене выбарчага заканадаўства застаюцца ў дзеянні. Яны звязаныя з абмежаванымі складамі камісій, правамі кандыдатаў і празрыстасцю пры працэдуры падліку галасоў. Учора мы сталі сведкамі сумнага выніку, - дадала спецкаардынатарка.