Наталля Радзіна ў Еўрапарламенце: У Беларусі склалася новая сітуацыя
9- 22.11.2019, 11:59
- 114,063
Беларусам патрэбна міжнародная салідарнасць
У працяг свайго візіту ў Брусэлі галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна сустрэлася з дэпутатамі Еўрапарламенту Джулі Вард (Вялікабрытанія), Сафі інт Вельд (Нідэрланды), Віёлай фон Краман-Таўбадэль (Нямеччына), Бронісам Рапэ і Расай Юкневічэне (Літва), чальцамі кабінетаў віцэ-прэзідэнтаў Еўрапарламента Клары Добраў (Вугоршчына) і Марцала Калая (Чэхія), кіраўніком падраздзялення Усходняга партнёрства ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў, кіраўніком аддзялення ў Арменіі, Азербайджане, Беларусі і Усходнім партнёрстве ў Еўракамісіі.
«Нахабная фальсіфікацыя вынікаў парламенцкіх «выбараў» у Беларусі еўрадэпутатаў не здзівіла. У Еўрапарламенце выдатна ведаюць, што Беларусь як была апошняй дыктатурай Еўропы, так ёю і засталася. А да спроб еўрапейскіх чыноўнікаў весці «дыялог» з Лукашэнкам там ставяцца скептычна, адзначаючы, што не можа быць ніякага супрацоўніцтва без выканання правоў чалавека.
Галоўнай тэмай нашых размоў стала абмеркаванне новай сітуацыі, якая сёння склалася ў Беларусі. Дваццаціпяцігадовае панаванне рэжыму Лукашэнкі прывяло Беларусь да катастрофы: эканоміка перажывае глыбокі крызіс, грошай браць няма ў каго, рэформы палохаюць дыктатара стратай кантролю, заробкі і пенсіі беларусаў упалі да жабрацкага ўзроўню, а кошты цалкам параўнальныя з еўрапейскімі, прымаюцца абсурдныя дэкрэты савецкага ўзору і ўводзяцца разнастайныя «падаткі на паветра». Па ўсёй краіне рэгулярна ўспыхваюць страйкі, з'яўляюцца ўсё новыя і новыя асяродкі супраціву. Упершыню за найноўшую гісторыю беларуская нацыя аб'яднаная адной ідэяй: Лукашэнка павінен сысці.
Сёння беларусам патрэбна сур'ёзная міжнародная салідарнасць: не паказная, не на словах, а на справе. Неабходная рэальная падтрымка беларускіх незалежных медыяў, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Неабходна спыніць супрацоўніцтва са злачынным рэжымам і напампоўваць еўрапейскімі грашыма розныя гонгі і квазі-незалежныя арганізацыі. За парушэнні правоў чалавека, пераслед актывістаў апазіцыі і ўціск свабоды слова рэжым Лукашэнкі павінен несці пакаранне ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і практыкай», - заявіла галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97».
Нагадаем, што днём раней Наталля Радзіна сустрэлася з польскімі еўрадэпутатамі, якія выказалі поўную падтрымку Charter97.org, які вось ужо другі год блакуецца ўладамі Беларусі. Адбыліся сустрэчы з былымі міністрамі замежных спраў Польшчы Ганнай Фатыгай (партыя «Права і Справядлівасць») і Радаславам Сікорскім (партыя «Грамадзянская платформа»), кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю Робертам Бедранэм (партыя «Вясна», кааліцыя «Левыя»), былымі віцэ-прэзідэнтамі Еўрапарламента Здзіславам Краснадэмбскім і Яцэкам Сарыюшам-Вольскім (абодва - партыя «Права і Справядлівасць»).