Сайт «Хартыя-97» трэба захаваць за ўсялякую цану
6- Наталля Радзіна
- 30.04.2019, 10:07
- 57,004
За апошні месяц нас падтрымалі 74 чалавекі.
Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна распавяла пра сітуацыю з сайтам:
- Дарагія чытачы «Хартыі-97»!
Дзякуй вам за дапамогу, якую вы надаяце нашаму сайту. Толькі дзякуючы вашай салідарнасці мы змаглі прапрацаваць яшчэ адзін месяц. Грошы ў гэтым месяцы пералічылі 74 чалавекі, якія не словамі, а справай падтрымалі свабоду слова ў Беларусі.
У мяне з'явілася надзея, што самае дрэннае мінула. Ва ўсякім выпадку, мы атрымалі «перадых». Днямі нас падтрымала аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя Amnesty International («Міжнародная амністыя»), з якой мы будзем рэалізоўваць праект.
Польскі Фонд міжнароднай салідарнасці прапанаваў нам рэалізаваць трохмесячны праект. Перамовы яшчэ трываюць, але нас ужо запрасілі на падпісанне кантракту.
Адначасова мы звярнуліся ў некалькі новых фондаў, якія разглядаюць магчымасць супрацоўніцтва з сайтам «Хартыя-97». Доўжыцца пошук новых партнёраў.
У гэтыя цяжкія месяцы я пачула вельмі шмат слоў падтрымкі і салідарнасці ад палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, простых чытачоў з усяго свету. Усе яны кажуць адно - сайт «Хартыя-97» трэба захаваць за ўсялякую цану.
Асаблівую падзяку хацела б выказаць Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі і асабіста яе прэзідэнту Івонцы Сурвіле за ўручэнне мне медаля БНР. Гэта патроіла мае сілы.
Пакуль, на жаль, я не магу сказаць, што ўсе праблемы з фінансаваннем сайта Charter97.org развязаныя. Мы па-ранейшаму маем патрэбу ў вашай падтрымцы. Устойлівая дзейнасць рэдакцыі забяспечаная да канца лета.
Яшчэ раз дзякуй. За вашу і нашу свабоду!