26 снежня 2024, Чацвер, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: У такой сітуацыі трэба прыйсці да галоўнага храма краіны

70
Мікалай Статкевіч: У такой сітуацыі трэба прыйсці да галоўнага храма краіны

Усе разам памолімся за збавенне ад злога.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч у інтэрв'ю Charter97.org пракаментаваў падзеі ў Курапатах 4 красавіка. Палітык заклікаў выйсці ў нядзелю 7 красавіка а 12.00 на плошчу Свабоды ля Менскага Свята-Духавага Кафедральнага (праваслаўнага) Сабору.

- Як вы пракаментуеце знішчэнне ўладамі крыжоў у Курапатах 4 красавіка?

- Гэта апаганьванне галоўнага хрысціянскага сімвала. Гэта абраза пачуццяў хрысціян і маіх пачуццяў у тым ліку. У мяне цяпер Вялікі пост, які я імкнуся выконваць. У гэты час, калі хрысціяне рыхтуюцца да Вялікадня, калі Ісус Хрыстос быў укрыжаваны на крыжы і ўваскрос, крыжы ламаюць і нішчаць. Крыжы, якія ўсталявалі на месцы загубы нявінных людзей. Як мінімум, дзясяткаў тысяч. Сярод іх, хутчэй за ўсё, большая частка была хрысціянамі. Напэўна, там пахаваныя сотні святароў розных канфесій.

І ўсё гэта адбываецца ва ўгоду хамскаму жаданню персоны, якая знаходзіцца ва ўладзе.

Я не ведаю, што ён яшчэ павінен зрабіць? Лукашэнка забіваў і выкрадаў людзей, усхваляў Гітлера, знішчыў нашу эканоміку, ператварыўшы яе ў муляж, які падтрымліваецца за кошт датацый. Сотні тысяч людзей вымушаны былі з'ехаць з краіны, каб зарабіць на кавалак хлеба. Сёння ён прычапіўся нават да тых, каго не змог забяспечыць працай - «дармаедаў». Людзей абкладваюць несусветнымі паборамі.

А цяпер вось гэтае сатанінскае дзейства. Гэта абраза не толькі вернікаў, бо на хрысціянскай рэлігіі грунтуецца нашая цывілізацыя. Гэта абраза веры нашых продкаў. Да чаго ён яшчэ дадумаецца?

- Чаму, на ваш погляд, Лукашэнка аддаў такі вар'яцкі загад?

- Гэта падобна да неадэкватнасці. Пачынаеш успамінаць тыя дыягназы, пра якія калісьці пісаў доктар Шчыгельскі. Магчыма, гэта вясновае абвастрэнне.

Увесь свет даведаўся, хто ў нас кіруе. Бо некаторыя краіны, якія ўшаноўваюць рэлігію, раптам убачылі ў ім «цёплага чалавека», прымальнага для кантактаў і супольных спраў. Дык паглядзіце, з кім вы маеце справу. Мы ж даўно ўжо ведаем.

- Вы заклікаеце людзей выйсці ў нядзелю 7 красавіка а 12.00 на плошчу Свабоды ля Менскага Свята-Духавага кафедральнага сабора. Чаму вы думаеце, што важна выйсці менавіта ў цэнтр горада?

- Па-першае, я думаю, калі ўжо абражаныя пачуцці вернікаў, калі абражаны сімвал хрысціянства, то мы павінны прыйсці да галоўнага хрысціянскага храма горада - Кафедральнага. Дарэчы, на гэтай плошчы два кафедральныя саборы - адзін праваслаўны, а другі каталіцкі. Спачатку мы прыйдзем памаліцца каля праваслаўнай святыні.

Нават згодна з законам гэтай улады малебен не падпадае пад дзеянне прававых актаў. Наадварот, законам забаронена стварэнне перашкод для набажэнстваў і малітоўных сходаў, якія праходзяць на тэрыторыі, прылеглай да храмаў. Тут мы ў сваім праве.

Я заклікаю людзей прыйсці з іконамі, крыжамі і свечкамі. Калі ўжо ўчыненае такое злачынства супраць нашай святыні, то мы павінны папрасіць прабачэння ў Бога, што дапусцілі гэта. Варта ўсім разам памаліцца за збавенне ад злога. Гэта радок з малітвы «Ойча наш».

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках