Амбасадар ЕЗ: Расея не аддала EMA дакументы для прызнання вакцыны «Спадарожнік V»
10- 17.01.2022, 16:02
- 7,958
Маркус Эдэрэр падкрэсліў, што ўсе зацікаўленыя ў як мага большай колькасці вакцын.
Амбасадар ЕЗ у Расеі Маркус Эдэрэр на прэс-канферэнцыі паведаміў, што Расея не перадала Еўрапейскаму агенцтву лекавых сродкаў (EMA) дакументы для прызнання вакцыны «Спадарожнік V» ад каранавіруса, якія адсутнічаюць, паведамляе «Настоящее время».
«Сітуацыя застаецца нязменнай. Праца ў аўтарызацыі прадаўжаецца, былі дзве інспекцыі ў першай палове мінулага года, пасля чаго EMA запыталі дадатковыя дакументы, якія, наколькі мне вядома, яшчэ не былі атрыманыя», - сказаў ён.
У ЕЗ, з ягоных слоў, спадзяюцца, што гэта будзе зроблена паводле аналогіі з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, якая атрымала неабходныя дакументы. «Усе зацікаўленыя ў як мага большай колькасці вакцын, даступных у свеце», - сказаў ён.
Днём раней прадстаўніца САЗ у Маскве Меліта Вуйнавіч у эфіры ютуб-канала «Салаўёў Live» паведаміла, што Расея 30 снежня перадала САЗ усе неабходныя дакументы аб вакцыне «Спадарожнік V». З яе слоў, яна чакае, што сёлета ў лютым пройдзе інспекцыя расейскага прэпарата.
Еўразвяз прызнае толькі чатыры вакцыны: AstraZeneca, Pfizer/BioNTech, Moderna і Johnson&Johnson. Еўрапейскія краіны могуць вызначаць самі, пускаць ці не пускаць людзей, прышчэпленых «Спадарожнікам V» ці кітайскім прэпаратам Sinopharm.