«Такіх лічбаў не было ніколі»: у паліклініках Беларусі робіцца нешта неймавернае
27- 28.01.2022, 11:56
- 49,476
У медустановах - наплыў ковідных пацыентаў.
У суседніх Латвіі і Літве ковід б'е рэкорды - там за дзень фіксуюць па 9 тысяч і 10 тысяч новых выпадкаў. Беларуская ж афіцыйная статыстыка хоць і расце з сярэдзіны студзеня, але не перасягае ўстаноўленага для яе прапагандай парога. Якая насамрэч сітуацыя на месцах?
«Усе мазкі, якія мы бралі, паказалі ковід»
Значны рост заўважаюць лекары ў паліклініках. Як нам расказалі ў адной з менскіх паліклінік, днямі быў пік новых выпадкаў - больш за 160 за дзень. Гэта толькі ў іх установе. Такіх лічбаў не было ніколі, піша «Наша Ніва».
«Адсоткаў 70 тэстаў дадатныя. Апошні раз на візітах наогул усе мазкі, якія мы бралі, паказалі ковід», - дзеліцца тэрапеўт.
У яго паліклініцы шмат лекараў хварэе, таму астатнім медыкам даводзіцца заставацца на прыёме дапазна, часам вызваляюцца толькі а 10 вечара. Калі раней у дапамогу дасылалі студэнтаў з медуніверсітэта ці «бэрэсээмаўцаў» (ім даручалі, напрыклад, разносіць рэцэпты), то цяпер гэтага няма.
Праўда, дадае тэрапеўт, зараз людзі хварэюць лягчэй. Гэта тлумачаць асаблівасцю омікрона (Менскі гарадскі Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведамляў, што 80% выпадкаў кавіда ў сталіцы - менавіта гэты штам).
«Лкарка нядаўна хварэла - толькі катар быў. Калі б не зрабіла тэст, то і не ведала б, што гэта «карона», - успамінае суразмоўца.
Райцэнтр: абвастрэнне назіраюць участковыя тэрапеўты, але не шпіталі
Фельчар Станцыі хуткай дапамогі ў адным з райцэнтраў Віцебскай вобласці заўважае, што ў іх ковідных выклікаў мала.
«Так, часта выклікаюць, калі тэмпература, але, як правіла, ні омікронам, ні дэльтай там не пахне. Мы папярэдне ставім дыягназ «вострая рэспіраторная інфекцыя», калі няма падазрэння на пнеўманію.
Тым часам калега з паліклінікі кажа, што ўжо як два тыдні ў дзень плюсуе больш за 10 пацыентаў - пачынае павялічвацца захворванне», - кажа медык.
У раённай лякарні месцаў дастаткова, нават аддзяленне педыятрыі, якое ў папярэднія хвалі аддавалі пад ковід, вярнулі да звычайнай працы. Пры гэтым цяжкіх пацыентаў нямала.
«Омікрон можа і лягчэй пераносіцца, але ёсць і іншыя штамы. Пульманалагічная рэанімацыя працуе ў штатным рэжыме, і там рэдка ёсць вольныя месцы», - адзначае фельчар.
Шпіталі ў вялікіх гарадах зноў рыхтуюцца аддаць пад ковід дадатковыя аддзяленні
У буйных гарадах жа рост пацыентаў адчуваюць ужо і шпіталі. Недзе пагаршэнне сітуацыі назіраецца з сярэдзіны студзеня, недзе - тыдзень таму.
«Некалькі месяцаў таму яшчэ было па месцаў 10 свабодных у кожным аддзяленні, а цяпер на калідор зноў кладуць», - дзеліцца медык, якая працуе ў прыёмным пакоі сталічнай лякарні. Пад ковід там аддадзена шэсць аддзяленняў.
Яна дадае, што рэанімацыі ў іх заўсёды запоўненыя. Размовы аб тым, каб перавесці ў лік ковідных у дадатак, вядуцца ў некалькіх шпіталях Менска.
У адной з віцебскіх лякарняў, расказваюць лекары, таксама рыхтуюцца аддаць пад ковід дадатковае аддзяленне (яго толькі ў снежні зрабілі чыстым і зараз зноў вяртаюць пад каранавірусных пацыентаў).
«Ёсць тэндэнцыя да павышэння колькасці хворых. Рост пачаўся пасля навагодніх свят, дзесьці плюс 20 адсоткаў. Але сітуацыя не крытычная, месца пакуль стае. Омікрон працякае лягчэй, яго сімптомы падобныя да вострых рота-вірусных інфекцый, але і заразнасць яго вышэйшая, чым у іншых штамаў», — кажа віцебскі медык.