Стала вядома, калі беларуская таблетка ад каранавіруса з'явіцца ў аптэках
13- 11.10.2022, 16:56
- 7,026
У Акадэміі навук сцвярджаюць, што распрацавалі лекі ад COVID-19.
Беларускія навукоўцы заканчваюць распрацоўку лекаў ад каранавіруса COVID-19. Пра гэта 10 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміла Алена Калінічэнка, начальніца НПЦ «ХімФармСінтэз» ДНУ «Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі».
Лекі будуць выпушчаныя ў форме таблетак, піша «Зеркало». Ужо гатовая тэхналогія атрымання субстанцыі, напрацаваная і закладзеная на захоўванне таблетачная форма.
«Далей распрацоўваецца нарматыўна-тэхнічная дакументацыя. І магчыма нават сёлета прэпарат будзе пададзены на рэгістрацыю», - паведаміла Калінічэнка.
Пасля гэтага Міністэрства аховы здароўя павінна прызначыць клінічныя выпрабаванні, і, калі лекі будуць ухваленыя, яны могуць з'явіцца ў аптэках ужо ў 2023 годзе.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў Міністэрстве аховы здароўя паведамілі аб пачатку паступлення ў беларускія аптэкі расейскага прэпарата для лячэння каранавіруса пад назвай «Мірабівір». Яго вырабляе прадпрыемства «Фармасінтэз», лекі адпускаюцца па рэцэпце лекара, зніжаюць рызыку цяжкай плыні хваробы і смяротнага зыходу. Аднак прэпарат надта дарагі - упакоўка каштуе блізу 648 рублёў.