27 снежня 2024, Пятніца, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што такое «Паксавід» - першая ў свеце таблетка ад каранавіруса?

5
Што такое «Паксавід» - першая ў свеце таблетка ад каранавіруса?

Лекі ўжо пачынаюць выкарыстоўваць у краінах ЕЗ.

У канцы студзеня Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) ухваліла выкарыстанне для лячэння першых таблетак ад COVID-19 - прэпарата «Паксавід» ад кампаніі Pfizer. Пакуль карыстацца ім можна пры пэўных умовах: пацыенты маюць быць дарослымі і знаходзіцца ў групе рызыкі паводле аднаго з паказчыкаў. Лекі ўжо пачынаюць выкарыстоўваць у краінах ЕЗ, аб закупцы 300 тысяч курсаў «Паксаліда» ў канцы снежня абвяшчала і Міністэрства аховы здароўя Украіны. Журналісты zerkalo.io расказалі, што гэта за прэпарат, як ён працуе і наколькі дзейсны.

1. Што гэта за таблеткі?

«Паксавід» - гэта першы лекавы пэраральны сродак (таблеткі), прызначаны для лячэння COVID-19. Прэпарат вырабіў амэрыканскі канцэрн Pfizer (той жа, што разам з нямецкай BioNTech распрацаваў першую мРНК-вакцыну ад каранавіруса). У сакавіку 2021-га пачаліся яго выпрабаванні на людзях, а ўжо ў лістападзе было абвешчана аб іх поспеху: на 2-й і 3-й стадыях клінічных даследаванняў таблеткі паказалі зніжэнне рызыкі шпіталізацыі ды смерці на 89%.

У канцы снежня Агенцтва санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША (FDA) выдала дазвол на экстраннае выкарыстанне «Паксавіда» для лячэння каранавіруснай інфекцыі лёгкай або сярэдняй ступені цяжкасці ў дарослых і дзяцей старэйшых за 12 гадоў вагой не меншай за 40 кг. Затым аналагічныя дазволы былі выдадзены ў Вялікай Брытаніі, і вось цяпер - у ЕЗ. Гэта азначае, што Захад неўзабаве пачне масава ўжываць прэпарат для лячэння хворых на каранавірус.

2. Як дзейнічаюць гэтыя лекі?

«Паксавід» з’яўляецца камбінацыяй двух кампанентаў: нірматрэлвіру (новы прэпарат, распрацаваны Pfizer менавіта для гэтых лекаў) і рытанавіру (прэпарат, створаны ў сярэдзіне 90-х для барацьбы з ВІЧ).

Каб растлумачыць, як дзейнічае «Паксавід», сцісла нагадаем механізм размнажэння віруса. Часцінка віруса (вірыён) знаходзіць прыдатную каморку і пранікае ўнутр яе (SARS-CoV-2, напрыклад, робіць гэта з дапамогай сваіх «шыпоў» - спайк-бялкоў на паверхні віруса). Каморка патрэбная вірусу для размнажэння, бо ўласнага апарата для гэтага ён не мае. Пасля гэтага вірус "падмяняе" геном каморкі сваёй РНК або ДНК - і тая пачынае "ў прамысловых маштабах" вырабляць новыя вірусы. Калі іх назапашваецца шмат, каморка высільваецца, новыя вірусы выходзяць з яе і атакуюць чарговыя каморкі, пасля чаго працэс паўтараецца.

Каб размножыцца, вірус прымушае каморку вырабляць поліпратэін - доўгую малекулу, у якой запісаны генетычны код віруса. Пасля гэтага поліпратэін трэба "накроіць" на кавалачкі, кожны з якіх патрэбны для стварэння новых вірусаў. У ролі "нажніц" выступае вірусны фэрмэнт пад назвай пратэаза: ён распазнае пэўныя геномныя паслядоўнасці і падзяляе поліпратэін у патрэбных месцах.

Нірматрэлвір, які распрацаваў Pfizer, з'яўляецца інгібітарам (гэта значыць, нэйтралізатарам) пратэазы. Прычым не ўсякай, а протеазы тыпу 3CL, якая характэрная для каранавіруса. Трапляючы ў арганізм, рэчыва нэйтралізуе фэрмэнт, што перапыняе ланцужок размнажэння SARS-CoV-2.

Другі кампанент - рытанавір - вядомы даўно. Яго выкарыстоўваюць у антырэтравіруснай тэрапіі для барацьбы з ВІЧ. Задача рытанавіру - узмацніць дзеянне інгібітараў пратэазы, абараніўшы іх ад самога арганізма, бо яны зазвычай хутка выяўляюцца і руйнуюцца фэрмэнтамі пячонкі.

У выніку схема дзейнасці выглядае так: нірматрэлвір апрацоўвае заражаныя каморкі, «ламаючы» алгарытм размнажэння віруса, а рытанавір затуляе першы кампанент ад нападаў самога арганізма. І так датуль, пакуль усе часцінкі віруса ў арганізме не будуць знішчаныя.

3. Што кажуць даследаванні?

Як ужо згадвалася, «Паксавід» знізіў рызыку шпіталізацыі або смяротнага выніку ў хворых на каранавірус на 89%.

Раскажам аб клінічных даследаваннях падрабязней. Для выпрабаванняў ранняга ўжывання прэпарату (на працягу трох дзён пасля з'яўлення першых сімптомаў) былі набраныя дзве групы людзей з кола высокай рызыкі, у якіх надоечы быў дыягнаставаны каранавірус. Першая, у складзе 389 чалавек, атрымлівала «Паксавід» (далей будзем называць яе асноўнай групай); другая, у складзе 385 пацыентаў (кантрольная група), - плацэба.

У выніку на працягу наступных чатырох тыдняў толькі 3 чалавекі з асноўнай групы былі шпіталізаваныя (0,8%); смерцяў зафіксавана не было. У кантрольнай групе шпіталізаваныя былі 27 чалавек (7%), 7 з іх памерлі. Такім чынам, «Паксавід» знізіў рызыку шпіталізацыі на 89%, смерці - на 100%.

Аналагічныя групы былі набраныя для выпрабавання больш позняга ўжывання «Паксавіда» (на працягу пяці дзён пасля з'яўлення сімптомаў). З 607 чалавек у асноўнай групе на працягу 28 дзён былі шпіталізаваныя толькі 6 (1%); смерцяў не зафіксавана. У кантрольнай жа пад шпіталізацыю падпаў 41 пацыент з 612 (6,7%), 10 з іх памерлі. Гэта значыць, пазнейшае ўжыванне прэпарату крыху знізіла яго дзейснасць, але ўсё адно паказала прыкметныя поспехі.

4. А на "омікрон" ён дзейнічае?

Мяркуецца, што «Паксавід» будзе супрацьстаяць усім штамам каранавіруса, бо ён дзейнічае не на геном віруса, які змяняецца са з'яўленнем новых штамаў, а на механізм яго размнажэння. Сама пратэаза, якая з'яўляецца "цэллю" прэпарату, у новых штамах не змяняецца. Лабараторныя даследаванні Pfizer «у прабірцы» гэта пацвярджаюць - прэпарат супрацьстаіць усім існым штамам каранавіруса SARS-CoV-2. Больш за тое, цалкам імаверна, што таблетка будзе аналагічна дзейнічаць наогул на ўсе тыпы каранавірусы, здольныя заражаць людзей.

5. Як яго ўжываюць? Таблеткі трэба піць увогуле ўсім?

«Паксавід» пастаўляюць у пачках, кожная з якіх з’яўляецца поўным курсам лячэння ад COVID-19. Пачатак прыймання рэкамендаваны на працягу пяці дзён пасля з'яўлення першых сімптомаў. Кожная доза - гэта тры таблеткі: 2 - нірматрэлвіру па 150 мг, 1 - рытанавір масай 100 мг. Дозу прымаюць раз на 12 гадзін незалежна ад часу ядзення. Увесь курс лячэння займае 5 дзён, прычым яго абавязкова даводзіць да канца.

Што да пытання аб тым, каму прызначаюць «Паксавід», то яго выкарыстанне пакуль прыкметна абмежаванае. Прычыны дзве: навізна самога прэпарата і ўсё яшчэ нізкая даступнасць. Таму таблеткі маюць атрымліваць толькі людзі з цяжкім цягам захворвання, для якіх рызыка выкарыстання новага прэпарата апраўданая. Тут, праўда, лекары сутыкаюцца з праблемай: «Паксавід» неабходна прымаць ужо неўзабаве пасля з'яўлення першых сімптомаў, а ў гэтыя тэрміны далёка не заўсёды відавочна, якой будзе хвароба ў кожнага канкрэтнага пацыента. Таму задачай медыкаў становіцца вызначыць тых, у якіх рызыка цяжкага працякання сапраўды высокая, і прызначыць прэпарат менавіта ім. У большасці краін чыннікамі рызыкі лічаць век і наяўнасць хранічных захворванняў, асабліва злучаных з органамі дыхання.

У стадыі правядзення цяпер знаходзяцца новыя клінічныя выпрабаванні прэпарата, мэта якіх - спраўдзіць эфектыўнасць «Паксаліду» у пацыентаў без рызыкі цяжкага працякання.

6. Якія пабочныя эфекты?

У цэлым «Паксавід» паказаў сябе дастаткова бяспечным лекавым сродкам. Зафіксаваныя пабочныя эфекты былі мяккімі: боль у цягліцах, дыярэя і павышэнні крывянога ціску.

У той жа час адзначаецца, што рытанавір вядомы сваім негатыўным уплывам на арганізм у выпадку прыймання паралельна з іншымі прэпаратамі, а таксама падвышаным націскам на пячонку. З гэтай прычыны выкарыстоўваць яго пацыентам з праблемамі пячонкі неабходна пад уважлівым наглядам лекара. «Паксавід» выводзіцца з арганізма праз ныркі, а таму людзям з хваробамі гэтых органаў таксама варта перад прыйманнем абмеркаваць гэта з лекарам.

7. Гэта адзіны такі прэпарат?

Не, «Паксавід» - толькі першы прэпарат супраць COVID-19, дапушчаны да ўжывання ў медыцыне ў ЗША. Днём пазней FDA выдала аналагічны дазвол для малнупіравіру (гандлёвая назва "Лагеўрыё"), распрацаванага амэрыканскай кампаніяй Merck&Co. А яшчэ ў лістападзе першай краінай, якая ўхваліла яго выкарыстанне, стала Вялікая Брытанія.

Прынцып дзеяння «Лагеўрыё» падобны да «Паксавіду» — прэпарат «ломіць» алгарытм размнажэння віруса, выкарыстоўваючы, праўда, крыху іншы механізм (прыводзіць да крытычных мутацый у геноме). Папярэдняя ацэнка эфектыўнасці - зніжэнне рызыкі шпіталізацыі пацыента на 50%. Прэпарат ужо ўжываюць у суседняй з Беларуссю Польшчы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках